У Гродзенскай вобласці з’явіцца сетка турысцка-інфармацыйных пунктаў

|

Аб гэтым 22 кастрычніка на аператыўнай нарадзе ў Гродзенскім аблвыканкаме паведаміў намеснік старшыні аблвыканкама вобласці Ігар Жук, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Стварэнне сеткі турысцка-інфармацыйных пунктаў на тэрыторыі прыгранічных раёнаў Польшчы і Беларусі вядзецца ў рамках праекта “Камунікацыі без межаў – стварэнне трансгранічнай турысцка-інфармацыйнай сеткі” па Праграме добрасуседства Польшча-Беларусь-Украіна INTERREG IIIA/Tacis CBC 2007-2013 з мэтай садзейнічання развіццю трансгранічнага турызму. Яго рэалізацыяй з беларускага боку займаюцца Гродзенскае абласное аддзяленне Рэспубліканскага турысцка-спартыўнага саюза і ўпраўленне па фізічнай культуры, спорту і турызму аблвыканкама.

Цяпер рыхтуецца адкрыццё сямі турысцка-інфармацыйных пунктаў у раёнах вобласці. Як падкрэслілі ў аблвыканкаме, стварыць іх вырашана ў першую чаргу ў населеных пунктах, дзе ёсць што паказаць і праз якія праходзяць рэальныя турыстычныя патокі.

Да канца года такія пункты павінны з’явіцца ў Гродзенскім раёне (в. Сапоцкін), Свіслацкім, Слонімскім, Навагрудскім, Лідскім, Смаргонскім і Шчучынскім раёнах. У большасці раёнаў ужо вызначаны памяшканні для аб’ектаў.

Праведзена падрыхтоўка спецыялістаў для іх (па 2 на кожны пункт). Аб’екты прызначаны стаць cувязным звяном паміж турыстычнымі арганізацыямі, органамі ўлады і турыстамі. Іх работнікі напаўняюць інтэрнэт-рэсурс tourgrodno.by, прысвечаны рэкрэацыйным магчымасцям Гродзенскага рэгіёну.

У 2009 годзе ў рамках праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі “Невядомая Еўропа” па праграме трансгранічнага супрацоўніцтва “Польшча-Беларусь-Украіна” першы інфармацыйна-турысцкі цэнтр адкрыўся ў Гродне.

У памяшканні каля чыгуначнага вакзала, абазначаным міжнародным знакам турысцкай інфармацыі (зялёная літара “I”), дапамагаюць сарыентавацца турыстам, рыхтуюць метадычны матэрыял, а таксама працуюць над заяўкамі ў праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва.