Загадка «егіпецкай сіняй» — нечаканыя знаходкі ў Крэўскім замку

Апроч ардынарных для помнікаў архітэктуры Позняга Сярэднявечча знаходак, раскопкі сезону 2012 года даюць незвычайныя матэрыялы. Гэта фрагменты фрэсак, якімі ў вялікакняскія часы былі аздобленыя жылыя пакоі замка. Першыя іх парэшткі выявіў у пластах разбурэнняў Княскай вежы яшчэ ў 1990 годзе археолаг Ігар Чарняўскі.Сценавы роспіс — звычайная рэч для тагачасных княскіх рэзідэнцыяў.

 

Даследчыкі ХІХ ст. апісвалі рэшткі фрэскавага роспісу ў руінах унутраных памяшканняў Троцкага замка Вітаўта. Тыя фрэскі былі выкананыя ў візантыйскай традыцыі. Крэўскія ж — гатычныя.

Гэта дзіўна, бо Крэўскае княства належала Альгерду, а потым яго сыну Ягайлу. Гэтыя князі мелі наймацнейшыя сувязі з праваслаўным светам.

 

Можна меркаваць, што фрэскі ў Крэве стварылі ганзейскія майстры, запрошаных яшчэ бацькам Альгерда, князем Гедымінам.

Бо ж пры ўдзеле нямецкіх муляраў паўставалі першыя мураваныязамкі-кастэліВКЛ — Крэўскі, Лідскі, Медніцкі. Да таго часу ўласнай традыцыі пабудовы мураваных замкаў у Вялікім Княстве не было.

Каб быць зусім дакладным, крэўскія фрэскі варта вызначаць як сценапіс. Бо фрэска — гэта нанясенне фарбаў на вільготную тынкоўку. У Крэве ж распісвалі сухую.

 

Але фарбы ў Крэўскім замку былі выкарыстаныя не зусім звычайныя. Мова, у прыватнасці, ідзе пра «егіпецкую сінюю».

 

Гэтая фарба была добра вядомая ў антычную эпоху. Яе вынайшлі ды першапачаткова прадукавалі ў Старажытным Егіпце. Потым «егіпецкая сіняя» пашырылася па ўсім антычным свеце, але ў Сярэднявеччы сакрэт яе рэцэптуры быў страчаны.

 

Гісторыкі мастацтва мяркуюць, што гэтую рэдкую фарбу аднавілі італьянскія майстры эпохі Рэнесансу.

Але вось нечаканасць. Хімікі, якія даследавалі крэўскія фрэскі, сцвярджаюць, што на іх нанесеная, у тым ліку, адна з версій «егіпецкай сіняй». А крэўскія фрэскі датуюцца XIV ст. — нашмат пазней за Антычнасць, але раней за час аднаўлення фарбы ў рэнесанснай Італіі.

 

Калі гэтыя высновы падцвердзяцца наступнымі знаходкамі, мы будзем мець справу з сенсацыяй у сферы гісторыі мастацтва.

 

Замак у Крэве — узор вельмі архаічнай мадэлі фартыфікацыйнага збудавання. Кастэля — праект замка, які ўзыходзіць яшчэ да часоў Рымскай імперыі. Гэта прастакутнае ўмацаванне, абнесенае сценамі з баявымі галерэямі. Куты яго ўзмоцненыя вежамі.

 

На Захадзе кастэлі ў пазнейшую эпоху перабудоўвалі, у пачатковым выглядзе яны не захаваліся. Кастэлі ж Вялікага Княства былі дзяржаўнымі замкамі, а дзяржаве заўжды бракавала грошай…

 

Крэва не мадэрнізоўвалася ў пазнейшыя эпохі і захавала старажытную структуру. Разбураная Княская вежа данесла да нас і першапачатковыя роспісы.

Магчыма, сакрэт насычанай сіняй фарбы, якая ўзыходзіла да «егіпецкай сіняй», захоўваўся сярод ганзейскіх майстроў. Праз іх жа гэтая фарба і трапіла ў Крэва.

 

З мястэчка з разбураным замкам Крэва, такім чынам, пераўтвараецца ў важнае для гісторыі культурных кантактаў места.