Каму перашкаджаюць сярэднявечныя лучнікі?

|

Арганізатары: ваенна-гістарычны клуб “Гарадзенскі Двузуб” і клуб гістарычнай рэканструкцыі “Вольныя Стралкі”, імкнуліся разнастаіць дысцыпліны. З нецярплівасцю чакалі аматары турніра і сёлета.

 

Аднак літаральна за два дні да яго пачатку дырэктар Палаца творчасці дзяцей і моладзі Леанід Валенцюкевіч забараніў яго правядзенне. Афіцыйных прычын некалькі. Пра галоўную з іх “Твайму Стылю” распавёў кіраўнік ВГК “Гарадзенскі Двузуб” Дзмітры Думчаў:

 

“Нам паведамілі, што турніра, да якога мы рыхтаваліся больш за 2 месяцы, не будзе. Пры гэтым яшчэ напачатку тыдня ўсё было нармальна. Афіцыйная прычына – адсутнасць заявак ад навучальных устаноў нашай вобласці. Маўляў, Палац творчасці – абласная навучальная установа, таму працуе ў першую чаргу з вобласцю. І гэта пры тым, што ўдзельнікаў павінна было прыехаць вельмі шмат з розных гарадоў Беларусі. Раней адсутнасць такіх фармальных заявак нікога не турбавала.

 

Наш турнір традыцыйна збірае больш за 20 удзельнікаў з усіх куткоў краіны, для мерапрыемства мясцовага ўзроўня гэта вельмі шмат. Хачу адзначыць, што ўдзельнікам не аплочваецца ні пражыванне, ні праезд, ні харчаванне. Усё за свае сродкі. У арганізацыі мерапрыемства дзяржаўныя структуры таксама не ўдзельнічаюць. Нават прызы мы набываем за свае грошы. У прыватнай размове нам сказалі, што мела месца нейкае тэлефанаванне дырэктару навучальнай установы, пасля якой турнір і быў забаронены”.

 

     
  ВГК “Гарадзенскі Двузуб” – вядомы ў Беларусі рыцарскі клуб, які займаецца рэканструкцыяй ХІІІ стагоддзя і з’яўляецца адным з буйнейшых клубаў па інтарэсах нашага горада.  
     

 

Ускосна арганізатары звязваюць забарану з правядзеннем Дзён святога Губерта. Аднак турнір не быў афіцыйна прадстаўлены ў праграме гэтых мерапрыемстваў, хаця і праходзіць у гэтыя ж дні ды прысвечаны таксама патрону горада – святому Губерту, якога ўшаноўваюць ва ўсім свеце акурат 3 лістапада.

 

Здаецца, нічога крамольнага. Ва ўсім свеце праводзяцца падобныя турніры. У Гродне ж не праводзіцца ніводнага вялікага сярэднявечнага фестываля, хоць горад і мае дастаткова багатую гісторыю і сярэднявечныя помнікі. Мерапрыемствы, што ладзіць ВГК “Гарадзенскі Двузуб”, а гэта турнір лучнікаў і зімовы рыцарскі турнір юніёраў, бадай што адзіныя падзеі такой тэматыкі. Аднак сёння на адно з іх стала меней.

 

Дык каму перашкаджаюць сярэднявечныя лучнікі? Пытанне так і застаецца адкрытым.

 

На здымку: турнір у 2010 годзе.

Здымак Леаніда Шчаглова