Што стаіць за апаганенай памятнай шыльдай?

|

“Я лічу, што гэта вырадкі, – дзеліцца старшыня гарадзенскай юдэйскай абшчыны Барыс Квяткоўскі. – Увогуле лічу, што гэта не гарадзенцы, гарадзенцы не так выхаваныя… Гэта людзі, якія не ведаюць гісторыю, якія не спачуваюць іншым, якія не памятаюць свае карані”.

 

Барыс Максавіч быў першым, хто заўважыў факт вандалізму і патэлефанаваў у міліцыю 10 лістапада ў 13.20. Ён мяркуе, што апаганьванне шыльды – гэта наўмыснае, падрыхтаванае дарослымі людзьмі дзеянне.

 

Згодна з высновамі спадара Квяткоўскага, фарбу лілі з бутэлькі, а не са стандартнай банкі. Ён выказвае думку, што гэта, магчыма, фашыстоўсая групоўка. Наконт карычневай фарбы старшыня кажа, што яна падобная на палавую, якая каштуе найменш.

 

     
 

“Карычневакашульшчыкамі” называлі штурмавыя атрады нямецкіх фашыстаў з 1921 года (па колеры уніформы), у адрозненні, напрыклад, ад італьянскіх і брытанскіх фашыстаў, (“чорнакашульшчыкаў”) ці фашыстаў Ірландыі і Канады, апранутых у сінія кашулі.

 

Дата выпадку 10 лістапада супадае з пачаткам Халакосту ў 1938 годзе. Крыштальная ноч (Ноч разбітых вітрын) мела месца з 9 на 10 лістапада 1938 года і стала першай масавай акцыяй прамога фізічнага гвалту ў адносінах да габрэяў на тэрыторыі Трэцяга рэйху.

 
     

 

Гэтае дзеянне мае карані не ў выпадковым настроі выказаць сябе пасля падпіцця, а “каб сапсаваць настрой людзям, пасварыць іх, ці выклікаць пачуццё страху, што не ўсе падзяляюць пазіцыю талерантнасці, пазіцыю супрацоўніцтва”, – разважае старшыня абшчыны. Але адзначае, што зараз не той час, каб баяцца, браць чамадан і выязджаць з краіны.

Па словах Алены Куцэвіч, дырэктара габрэйскай абшчыны “Менора”, габрэйская грамада пільна сочыць за тым, як прасоўваецца працэс пошуку вінаватых. Ад выказвання думак пра канкрэтнага спраўцу яны ўтрымліваюцца.

 

На памяці старшыні гэта першая падобная абраза за апошнія дваццаць гадоў. У дзевяностых быў факт знявагі сінагогі, калі падлеткі пад кіраўніцтвам крымінальніка падарвалі дзверы, растапталі мацу, парвалі кнігі.

 

Барыс Квяткоўскі зазначае, што і сёння існуе бытавы антысемітызм. Ён праяўляецца ў атавізмах у адносінах да габрэяў, у беспадстаўных міфах, якія перадаюцца праз пакаленні, напрыклад, у перакананні, што габрэі ў мацу дадаюць кроў нованароджаных ці ў “навукова даказанай” у часы Гітлера “недачалавечнасці” гэтай нацыі. Спадар Квяткоўскі выказвае трывогу, што такія “крывавыя паклёпы” трываюць у мірны час і могуць прывесці да трагічных наступстваў у пераломны момант.

 

“Чым больш мы адзін пра аднаго ведаем, тым з меншымі перадузятасцямі, большым даверам і разуменнем мы ставімся адзін да аднаго”, – упэўнены старшыня. Ён прызнае добразычлівасць мясцовага насельніцтва, якая праявілася таксама і ў прыязні, падтрымцы пасля гэтай ганебнай падзеі.

Барыс Максавіч спрабаваў самастойна ачысціць шыльду ад фарбы, але няўдала. Усе памятныя знакі горада знаходзяцца ў кіраванні камунальных гаспадарак і старшыня юдэйскай абшчыны спадзяецца, што ў хуткім часе яны вернуць дошку ў папярэдні стан. Па яго словах, камунальнікі ўжо заняліся гэтай справай. Яны ўжо ўзялі саскроб фарбы і прааналізавалі яе склад, каб ведаць, які растваральнік ужываць для зняцця фарбы з дошкі.

 

Ад самастойных прац па аднаўленні знаку Барыс Максавіч адмовіўся, бо вырашыў, што аднаго яго на гэта не хопіць. Мужчына кажа, што чуў шмат парадаў, як і чым лепш счышчаць фарбу, але ніхто не стаў побач і не дапамог. Акрамя таго, такія працы патрабуюць фінансавых выдаткаў, а грамада з цяжкасцю збірае грошы нават на рэстаўрацыю сінагогі.

Як патлумачыў для газеты “Гродзенская праўда” Ігар Папоў, начальнік аддзела па справах рэлігій і нацыянальнасцяў аблвыканкама, на Гродзеншчыне пражываюць прадстаўнікі 94 нацыянальнасцяў, створана 24 нацыянальных грамадскіх аб’яднанні, дзейнічае 4 польскія, 6 літоўскіх, 4 габрэйскія, 2 украінскія, татара-башкірскае аб’яднанне, аб’яднанне рускіх, татараў, грузінаў, чувашоў, армянаў, азербайджанцаў і цыганоў.

 

Паміж прадстаўнікамі нацыянальных аб’яднанняў сфармаваліся сяброўскія адносіны, а іх кіраўнікі ўваходзяць у склад Міжэтнічнай рады прадстаўнікоў нацыянальных абшчын пры аддзеле па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Гродзенскага аблвыканкама. Учынены факт вандалізму выклікае здзіўленне і гідлівасць да тых, хто яго ўчыніў.

 

“Якой скрайняй ступенню манкурцізму і духоўнай галечы трэба валодаць, каб зрабіць падобнае! Але гэтыя “індывіды”, безумоўна, як і іх учынкі, не змогуць паўплываць на гістарычную памяць і талерантнасць беларускага грамадства”, – пракаментаваў сітуацыю газеце Ігар Папоў.

Вольга Сабалеўская, гісторык і культуролаг, якая цікавіцца гісторыяй габрэяў Беларусі ў канцы XVIII – пачатку ХХ стст., характарызуе гэтую падзею як пляму нашага грамадства, абыякавага ці варожага, у якім падобнае магло адбыцца. “Для мяне гэта проста брыдка”, – прызнаецца яна.

 

Гісторык тлумачыць, што ў ХIХ ст. глыбокіх канфліктаў паміж габрэямі і беларусамі, пагромаў амаль не было. Муры, будаваныя і культурныя, дзялілі насельніцтва па месцы пражывання, рэлігійнага пакланення, стылі жыцця. Жыхары ўзаемадзейнічалі ў асноўным па эканамічных і гандлёвых пытаннях.

Адначасова існаваў бытавы антысемітызм, які праяўляўся ў брудных плётках, якія будаваліся на непаразуменні, адсутнасці ведаў аб культуры другой нацыянальнасці. Хрысціяне стваралі міфы без фактычных падстаў, бо не маглі ўбачыць рытуальнае жыццё, якое адбывалася за мурамі сінагогі ці габрэйскай хаты.

 

Так, прыводзіць прыклад спадарыня Сабалеўская, Талмуд забараняе габрэям спажываць мяса з крывёй. Калі яны забіваюць жывёлу, яны выпускаюць усю кроў. Хрысціяне, не ведаючы гэтага закона іншага свету, абвінавачвалі габрэяў у неахайнасці і дамыслівалі, што яны тое самае могуць рабіць з дзецьмі. Стэрыатыпы ў стаўленні да прадстаўнікоў іншай цывілізацыі заўсёды існавалі, зазначае спадарыня Вольга, але беларусы не былі ініцыятарамі канфліктаў.

Віктар Саяпін, вядомы ў Гродне гісторык і краязнаўца, адзначае, што на працягу шматвекавой гісторыі горада розныя нацыянальнасці і рэлігіі, якіх цяпер у горадзе больш за 80, суіснавалі мірна і па-сяброўску. Адносіны паміж беларусамі і габрэямі дагэтуль добрыя, лічыць ён, “няма нам чаго дзяліць”. Габрэі жылі тут з часоў Вітаўта Вялікага і складалі ад 50 да 80% усяго насельніцтва горада ў розныя перыяды.

 

Апошняя падзея, па яго меркаванні, не змяшчаецца ў межах чалавечага разумення. Гісторык дапушчае два варыянты вінаватых у акце вандалізму: нецвярозыя падлеткі ці фашыстоўская групоўка. “Гэта мог зрабіць чалавек, сям’ю якога не закранула вайна”, – кажа Віктар Юр’евіч. Ён падкрэслівае, што малаверагодна, каб гэта былі гарадзенцы, хутчэй “гастралёры”. Спадар Віктар мяркуе, што ўльтранацыяналістычных настрояў у горадзе няма, таксама ён не прыпамінае падобных актаў “з падтэкстам” у апошнія дзесяцігоддзі.

 

Сёлета падобная падзея адбылася ў Магілёве. 3 чэрвеня невядомыя аблілі карычневай фарбай камень-помнік з надпісам “Памяці габрэяў Магілёва – ахвярам нацызму”.

 

     
 

Вікіпедыя паведамляе, што ў 1931 годзе 42,6% жыхароў Гродна (18 697 чалавек) складалі габрэі. У 1937-1941 годах горад быў напалову габрэйскі (30 000 чалавек). Да 16 ліпеня 1944 года выжылі каля 200 габрэяў, вярнуліся жыць у горад прыкладна 15 з іх.

 

Па словах Барыса Квяткоўскага, сёння гарадзенская габрэйская абшчына налічвае 330-350 чалавек.

 
     

 

На здымках: габрэі ля гарадзенскага гета. Здымкі з архіва old.grodno.net