Забойства Кенэдзі: таямніца газетнага радка

|

Бацька рабіў так заўсёды, калі яму трапляўся цікавы газетны матэрыял. Так з цягам часу назбіраўся багаты архіў публікацый савецкага друку. Памятаю, як яшчэ школьнікам я трымаў пажоўклы ліст “Известий” і быццам знаходзіўся на трывожных вуліцах Даласа. Так, з лёгкай бацькавай рукі, я зацікавіўся адной з самых таямнічых трагедый ХХ стагоддзя.

 

Перачытаў, здаецца, усё, што было надрукавана па гэтай тэме па-руску, рабіў выпіскі, сачыў за газетнымі паведамленнямі. Такая цікавасць прынесла нечаканы вынік. Аднаго разу я перачытваў нумар “Известий”, з якога ўсё пачалося, і раптам быццам спатыкнуўся. Карэспандэнт газеты Станіслаў Кандрашоў так падаваў савецкаму чытачу карціну таго, што адбылося ў Даласе:

 

“Быў цёплы сонечны дзень. На вуліцы выйшла каля 250 тысяч жыхароў. “Здаецца, нас чакае тут сяброўскі прыём”, – сказала, як паведамляюць, прэзідэнту яго жонка Жаклін. Можа быць, гэта былі апошнія словы, якія ён пачуў ад яе. У 12 гадзін 30 хвілін тры стрэлы прагрымелі па прэзідэнцкай машыне. Страляўшы біў па-снайперску трапна з буйнакалібернай вінтоўкі “Маўзер” з аптычным прыцэлам”.

 

Я быў у поўнай разгубленасці. Чаму “Маўзер”? Вінтоўку, з якой, магчыма, стралялі ў амерыканскага прэзідэнта, хутка знайшлі на мяркуемым месцы злачынства – шостым паверсе склада школьных падручнікаў. Ёсць вядомае фота, на якім паліцэйскі трымае зброю на выцягнутых руках. Гэта – італьянская вінтоўка “Carcano”, якую яшчэ называюць “Манліхер-каркана”.

 

У афіцыйнай заяве паліцыі Даласа марка вінтоўкі была адразу названа. Ва ўсіх публікацыях ва ўсім свеце гаворка ідзе толькі пра італьянскую вінтоўку “Каркана”. Ва ўсім свеце, акрамя савецкай газеты “Известия”…

Карэспандэнт, які пісаў матэрыял пра такія падзеі, у дэталях павінен быць звышскрупулёзным. Тут не да жартаў, гаворка ідзе пра міжнародныя адносіны, урэшце рэшт, пра лёс свету. Амерыканскія журналісты на той момант ужо абнарадовалі той факт, што мяркуемы забойца прэзідэнта Лі Харві Освальд некаторы час жыў у Савецкім Саюзе, дарэчы, не дзе-небудзь, а ў Мінску.

 

Больш за тое, рэпартаж Станіслава Кандрашова “Известия” надрукавалі амаль праз суткі (улічваючы розніцу ў часе), у нядзельным нумары газеты за 24 лістапада. Журналісту хапала часу, каб тройчы праверыць усе дэталі. Адкуль жа ўзяўся “Маўзер”?

 

Цікава, што ў 2004 годзе Кандрашоў напісаў успаміны пра тыя лістападаўскія дні 1963 года і надрукаваў іх на сайце газеты “Известия”. Здавалася б, з’явілася магчымасць расказаць, што тады адбылося на самай справе: паспяшаўся, не дагледзеў, ці яшчэ што. Станіслаў Кандрашоў цытуе той самы свой рэпартаж: “Страляўшы біў па-снайперску трапна з буйнакалібернай вінтоўкі з аптычным прыцэлам”. Пачакайце, а куды ж знікла слова “Маўзер”? Аўтар у лепшых традыцыях савецкай цэнзуры так падкарэкціраваў тэкст, што ў ім памянялася істотнейшая дэталь.

 

Здаецца, што яшчэ ніхто не звяртаў увагі на гэту акалічнасць у савецкай прэсе. І што гэта было? Можа, сапраўды, у Джона Кенэдзі  сорак дзевяць гадоў назад стралялі менавіта з буйнакалібернай вінтоўкі “Маўзер” з аптычным прыцэлам? І ў гарачцы тых падзей, нечакана для сябе, адзіная газета ў свеце прагаварылася і напісала праўду?

 

Здымкі clccharter.org і wikimedia.org