Пастка для суіскальніка

|

Працоўны дзень з 10 да 20 (два дні працоўных праз два выхадных), трэба прадаваць касметычныя сродкі і мыла, для чаго не трэба пастаянна абнаўляць санітарную кніжку, прастойваючы чэргі ў паліклініцы. Аплата працы, праўда, на 500 тысяч менш, чым на папярэднім месцы. У выніку, шматлікія плюсы пераважылі адзіны, здавалася, мінус вакансіі – меншы заробак.

 

Працаўнік і працадаўца. У ідэале гэтыя адносіны выглядаюць так: працаўнік кваліфікаваны, добрасумленна выконвае свае абавязкі, не спазняецца, не прагульвае; працадаўца, згодна з дзеючым заканадаўствам, выконвае свае абязацельствы – гарантуе афіцыйнае працаўладкаванне, забяспечвае сацыяльныя гарантыі, своечасова выплачвае заробак. Аднак, ці заўсёды так адбываецца?

 

Уладкаванне на новае месца працы пачалося з непрыемнай падзеі. Працадаўца (ім аказаўся малады мужчына) не спяшаўся з афіцыйным працаўладкаваннем. “А раптам ты не справішся са сваімі абавязкамі? Прадавец, якая была да цябе, не справілася. Папрацуй тут тыдні два-тры. Як будзе ўсе добра – аформім усе дакументы”.

 

Аксана адказна падышла да сваіх абавязкаў. Вывучыла ўвесь каталог літоўскай касметыкі. Разам з гаспадаром пералічылі тавар. Некалькі дзён прайшлі ціха і паспяхова. Аднойчы ўвечары Аксана затрымалася хвілін на дваццаць і, ужо сыходзячы, заўважыла, што гаспадар гандлёвай кропкі вырашыў наведаць аб’ект. “Ну, можа, тавар прывез ці яшчэ што здарылася”, – падумала дзяўчына.

 

На другі дзень прадаўцы з суседніх павільёнаў расказалі, што ўладальнік кропкі мае звычку час ад часу так прыязджаць – менавіта, калі працоўны дзень ужо скончыўся.

 

А яшчэ праз дзень прадпрымальнік наогул парадаваў: “Возьмеш выхадны пазаўрочны, напэўна стамілася, я за цябе дзень папрацую”. Не працадаўца, а сама дабрачыннасць. Але… Радасць скончылася праз два дні. Гаспадар вырашыў правесці пералік тавару. Выявілася нястача. Самае цікавае ў гэтым выпадку – тавара не хапала менавіта на тую суму, колькі зарабіла прадавец за два тыдні сваёй працы. Аксана здзівілася: працавала яна шчыра,  даражыла месцам працы.

 

“Давайце хоць бы падзелім нястачу на дваіх, вы таксама працавалі, – сказала пакрыўджаная  дзяўчына. У адказ працадаўца зрабіў твар анёла: “Я сам у сябе красці буду? Вы што!”

 

Пазней адкрыліся вельмі цікавыя факты з біяграфіі гэтага прадпрымальніка. Лічбу прадаўцоў, што працавалі ў хітрага бізнэсмэна, не ведае нават ён сам. Наладжаны канвеер “падвозіў” пачаткоўцаў, якія і станавіліся літаральна рабамі, таму што працавалі, а грошай не атрымлівалі. Па наяўных дадзеных, толькі дзве дзяўчыны атрымалі разлік, папужаўшы гаспадара зваротам у органы па працы і сацыяльнай абароне. Несумленны працадаўца пастаянна размяшчаў у інтэрнэце аб’яву аб пошуку прадаўцоў, нягледзячы на тое, што ў яго ўжо былі набраныя супрацоўнікі.

 

Што рабіць, каб супрацьстаяць падобным нахабным працадаўцам? Вядучыя спецыялісты абласнога ўпраўлення Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы патлумачылі:

 

“Кожны працаўнік павінен ведаць, што пры афармленні на працу заўсёды заключаецца працоўны дагавор у пісьмовым выглядзе. У дагаворы абавязкова паказваецца пасада і заробак працоўнага, у яго на руках застаецца адзін з экзэмпляраў дагавора. Такім чынам, спрэчныя сітуацыі паміж бакамі вырашаюцца на аснове афіцыйных дакументаў. У выпадку, калі паміж працадаўцам і працаўніком няма трудавога дагавора, свае правы апошні можа даказваць толькі праз суд. Для гэтага патрэбны сведкі, факты, дакументы, якія могуць пацвердзіць факт узаемаадносін паміж бакамі”.

 

Дэпартамент сумесна з раённымі аддзеламі адукацыі праводзіць сярод старшакласнікаў размовы, на якіх дае інфармацыю аб асноўных правах працаўнікоў. Таксама закранаецца праблема заробку ў капэртах і наступствы, якія потым маюць месца.

 

Калі вас афіцыйна не аформілі на працу, можна смела чакаць такіх вось сюрпрызаў, які здарыўся з Аксанай. Зараз у інтэрнэце з’явіліся “чорныя спісы” несумленных наймальнікаў. Нават адзін працоўны дзень, адна гадзіна працы павінны быць зафіксаваны дакументальна і аплочаны.

 

Карыкатура Сяргея Біркле, top-news.kz