“Канец свету”: як аддзяліць зерне ад жыціцы?

Хрысціяне звесткі пра канец свету бяруць з Пісання. Што пра гэта кажа кніга “Апакаліпсіс” у Бібліі?

 

Слова “Апакаліпсіс” азначае “адкрыццё” і само па сабе не з’яўляецца нічым страшным. У адкрыцці, якое было дадзена апосталу Яну, апісваюцца ў алегарычна-сімвалічнай форме апошнія часы гэтага свету. Не менш цікавыя звесткі мы знаходзім у Евангеллі паводле Мацвея, дзе Хрыстос кажа пра прыкметы, якія будуць папярэднічаць канцу часоў.

 

Ён не кажа пра нейкую канкрэтную дату. Там пішацца, што “астыне любоў у многіх”, брат пойдзе на брата, людзі пачнуць ненавідзець адзін аднаго, пачнуцца войны, з’явяцца нейкія астранамічныя катаклізмы. З аднаго боку ўсё гэта насцярожвае і палохае нас, але, па сутнасці, для хрысціян гэта не страшна. Час улады антыхрыста не будзе доўгі, а за ім наступіць другое прышэсце Хрыста. Ён прыйдзе ва ўсёй сваёй хвале, якая знішчыць усе недасканаласці: зло, грэх, хваробы. Наступіць царства Божае на зямлі і гэта будзе толькі пачатак больш дасканалага свету.

 

Тое, што зараз адбываецца ў свеце – катастрофы, пагоня за матэрыяльнымі дабротамі – ці гэта не прадвеснікі канца часоў?

 

Вядома, гэтыя з’явы насцярожваюць. У пасланні апостала Паўла да Цімафея апісваюцца прыкметы канца часоў:

 

“1.Ведай жа, што ў апошнія дні наступяць часы цяжкія. 2.Бо людзі будуць самалюбныя, срэбралюбныя, ганарыстыя, пыхлівыя, злоязыкія, бацькам непаслухмяныя, няўдзячныя, бязбожныя, няпрыязныя, 3.Няпрымiрымыя, паклёпнікі, нястрыманыя, жорсткія, не тыя, хто любіць дабрыню, 4.Здраднiкi, нахабныя, пыхліўцы, прыхільныя больш да раскошы, чым да Бога, 5.Маючыя  выгляд богабаязны, а да сілы Божай варожыя”.

 

Вось якія будуць людзі ў канцы часоў. Збольшага такое ўжо адбываецца, але, як мне здаецца, цяпер яшчэ не так усё кепска. Ёсць шмат людзей, якія звяртаюцца да Бога, пачынаюць духоўны шлях удасканалення.

 

У грамадстве сапраўды назіраецца тэндэнцыя духоўнай дэградацыі, але, тым не менш, існуе вялікі патэнцыял, каб спыніць гэты расклад. Як у чалавеку звязана духоўнае і матэрыяльнае, душа і цела, так і ў матэрыяльным свеце ёсць сувязь са светам духоўным. Усе нашыя грахі адбіваюцца не толькі на духоўным, але і на матэрыяльным свеце. Нашыя грахi  могуць стаць прычынай эпідэміі, землятрусу. Такім чынам, матэрыяльны свет прыходзіць у скажэнне. Гэта аднак датычыцца і добрых думак і ўчынкаў, якія, ў сваю чаргу, дапамагаюць удасканальваць наш свет.

 

Апошнім часам, па тэлебачанні кожны дзень паказваюць розныя праграмы пра канец свету, часам нават даволі палохаючага характару. Чаму гэта адбываецца?

 

Мне здаецца, гэта проста камусці вельмі выгадна. Многія людзі лёгка паддаюцца намове. А, як вядома, попыт нараджае прапанову. Той хто з гэтага мае матэрыяльную выгаду, наўрадці сам рыхтуецца да канца свету.

 

У большасці нашых людзей – хрысціянскi светапогляд, таму да такога кшталту перадач яны ставяцца спакойна. Я не назіраю ў нашай краіне нейкага адмысловага вар’яцтва на гэтай глебе. Асноўная частка людзей ставіцца да гэтага – як і належыць – з гумарам.

 

Магчыма, страшылкі пра канец свету – свайго роду эксперымент, які правярае грамадства на ступень унушальнасці, на тое, наколькі чалавек схільны паддацца спакусе. Я чуў, што на Захадзе нейкая рэлігійная  абшчына прапануе індульгенцыі: за пэўную суму адпускае грахі праз інтэрнэт, каб яе вернікі маглі годна сустрэць 21 снежня. Такія рэчы – нішто іншае, як махлярства.

 

 

Як уплываюць чуткі пра надыходзячы канец свету на стан хрысціянскай веры?

 

Праваслаўны чалавек не можа верыць у тое, што канец свету наступіць 21 снежня. Ён верыць у тое, што канец часоў некалі надыйдзе, але канкрэтная  дата – гэта забабоны, пустая вера. Тыя, хто ў гэта верыць, ставяць пад пагрозу свае адносіны з Праваслаўнай царквой. Але я не назіраю, каб вернікі, якія жывуць духоўным жыццём, звярталі на гэтае махлярства нейкую асаблівую ўвагу. Вернікі перажываюць зараз калядны пост і чакаюць Раства. Такія паводзіны можна назваць узорнымі.

 

У чым прычына лёгкай унушальнасці людзей, якія ўспрымаюць дату 21 снежня больш сур’ёзна?

 

Хутчэй за ўсё, на гэта маюць уплыў тэлеперадачы. Тэлэвізія шмат у чым фарміруе менталітэт неакрэплых душ і выклікае не заўсёды адэкватную рэакцыю на тыя ці іншыя з’явы і падзеі. Шмат хто  лічыць, што калі інфармацыю паказваюць па тэлевізары, то яна сапраўдная.

 

Гэтая даверлівасць назіраецца ў людзей, якія насамрэч далёкія ад веры ў Бога. Яны палохаюцца смерці, паколькі іх ўяўленне пра жыццё абмяжоўваецца адно фізічнай абалонкай. Для хрысціяніна сама смерць не страшная. Як кажа апостал Павел: “Для мяне жыццё – Хрыстос, а смерць – набыццё”. Памерці і быць з Хрыстом нашмат лепш, чым знаходзіцца целам у матэрыяльным свеце. Сапраўдная смерць не тая, якая аддзяляе душу ад цела, а тая, якая аддзяляе душу ад Бога, а менавіта – грэх. Вось такая смерць палохае сараўдных хрысціян.

 

Што б вы параілі людзям, якія заблыталіся ў патоку інфармацыі пра канец свету?

 

Чытаць Евангелле, асэнсоўваць Святое Пісанне, вучыцца бачыць волю Божую. Чым далей чалавек ад Царквы і ад Бога, чым больш ён паддаецца забабонам, тым слабей ягоная вера і тым больш скажонае ягонае ўспрыманне свету. Такому чалавеку становіцца ўсё цяжэй аддзяляць зерне ад жыціцы і разумець што ёсць праўда, а што хлусня.