Што гатавалі беларусы на Каляды?

Гатавалі постную “журачку” ці мачанку. Постную, таму што вечар пера Раством традыцыйна складаўся толькі з постных страў і называўся “беднай куццёй”. Так яшчэ называецца і галоўная страва, што гатавалі ў гэты вечар.

 

Нягледзячы на назву стол перад  Раством павінен  быў налічваць 12 страў. Нямала! Аказалася, гэта – сімвал дванаццаці апосталаў.  У кулінарных святочных традыцыях усё перамешалася – язычніцкая куцця і хрысціянскі пост.

 

Традыцыйнымі стравамі на калядным стале былі таксама кісялі – белы ды чырвоны. Першы – не зусім звычайны, не салодкі, мае спецыфічны пах і смак. Гатуецца ён з аўсяных шматкоў. Добра ідзе раніцай з дадаткам ужо не постных кілбас ды сала.

 

А вось чырвоны – з журавін, цукру, вады ды крухмала – больш дэсертны варыянт.

 

Каб разнастаіць святочныя стравы, на стол падаваўся суп – у некаторых рэгіёнах яго называлі квасам.

 

Што тычыцца вушак з грыбамі, дык тут усё проста. Для цеста трэба вада, мука ды соль. Столькі,каб зрабіць крутое цеста, як для пяльменяў. Яно атрымліваецца эластычным, добра раскатваецца. З яго пры дапамозе шклянкі выразаць кружочкі. Начыняюць грыбным фаршам.

Фарш робіцца таксама вельмі проста –  патрэбныя грыбы. Мы бралі замарожаныя шампіньёны. Смажылі іх з цыбуляй. Можна ўвогуле не смажыць, так будзе больш дыетычна. Кружочкі трэба зляпіць як пяльмені і канцы склеіць паміж сабой, а потым – у кіпень. Адварыць да гатоўнасці.

 

Елі з постнай мачанкай. Яе таксама дастаткова лёгка прыгатаваць, атрымліваецца вельмі смачна. Таксама спатрэбяцца грыбы. Лепш за ўсё сушаныя. Трошкі мукі, спецыі ды цыбуля.

 

Сушаныя грыбы замачыць, памыць і паставіць варыць. Цыбулю падсмажыць. Пасля таго, як грыбы закіпяць, крыху паварыць іх, затым дадаць мукі, якую папярэдне трэба размяшаць з халоднай вадой і соллю. Уліць вадкасць у грыбы і, перамешваючы, варыць да гатоўнасці, дадаўшы цыбулю.

 

Атрымліваецца вельмі смачная і густая верашчака.

 

Сярод традыцыйных страў на калядным стале можна было пабачыць і салодкія абаранкі з макам і салёныя селядцы, традыцыйнымі можна лічыць і абаранкі з макам, і грыбныя катлеты, і бліны.

 

Дарэчы, бліны пеклі цягам усіх 15 калядных дзён, бо страва гэтая лічалась абавязковай. Звязана гэта, хутчэй за ўсё, з ушанаваннем Сонца яшчэ ў язычніцкія часы.

 

На святочны стол звычайна ставілі адзін лішні прыбор. А можа завітае нейкі нечаканы госць?

 

Калядная вячэра, як і раней, пачынаецца з ламання аплаткаў ды зычання кожнаму дабрабыту ды шчасця. Другая на чарзе – куцця. Яе і астатнія стравы трэба абавязкова пакаштаваць, а стол да раніцы не прыбіраць. Лічылася, што да яго прыходзяць святкаваць і “дзяды”.

 

Куцця

 

Складнікі: 2 шклянкі пшаніцы, 1,5 шклянкі маку, 1 шклянка цукру, 100 г разынак, 100 г фундуку, 100 г цукатаў, 1 шклянка смятаны, мёд па смаку

 

Мак ды рызынкі трэба зараннё заліць вадой і даць ім пастаяць 2-3 гадзіны. Потым мак трэба будзе перакруціць на мясарубцы некалькі разоў, дадаючы цукар, а рызынкі пакінуць без перакруту. Змяшаць крупы, мак, арэхі, разынкі, цукаты, смятану ды мёд.

 

Здымкі Алісы Чэкатоўскай