Тысячу подпісаў сабралі пад петыцыяй у падтрымку малога прыгранічнага руху з Польшчай

|

Як зазначаецца ў паведамленні на сайце bchd.info, петыцыя заклікае Адміністрацыю прэзідэнта Беларусі пачаць, нарэшце, практычныя дзеянні для рэалізацыі пагаднення аб малым прыгранічным руху з Польшчай. “Усе подпісы пад неабходнымі дакументамі стаяць ужо больш як год, а руху няма”, — зазначае прэс-служба БХД.

Аўтары петыцыі “глыбока занепакоеныя зацягваннем урадам рэалізацыі дагавору аб малым прыгранічным руху з Рэспублікай Польшчай”.

“Пагадненне закранае інтарэсы больш як мільёна беларускіх грамадзян, якія жывуць на прыгранічнай беларуска-польскай тэрыторыі”, —  падкрэсліваюць яны.

“У выніку адкрыцця МПР з Польшчай актывізуецца эканамічнае супрацоўніцтва паміж беларускімі і польскімі рэгіёнамі, ажывяцца кантакты мясцовых уладаў, будуць больш цеснымі сямейныя сувязі грамадзян абедзвюх дзяржаў.

МПР спрыяльна адаб’ецца на павелічэнні даходаў прыгранічных рэгіёнаў, напаўняльнасці даходнай часткі мясцовых бюджэтаў, развіцці турызму, мадэрнізацыі і выкарыстанні беларускай інфраструктуры”, — сказана ў петыцыі.

Польскі бок выступіў з прапановай падпісаць пагадненне аб мясцовым прыгранічным руху ў лютым 2008 года. Праз два гады, у лютым 2010-га, дагавор быў падпісаны міністрамі замежных спраў Беларусі і Польшчы.

У маі 2010 года дакумент ратыфікаваў польскі парламент і падпісаў кіраўнік дзяржавы Браніслаў Камароўскі. Беларускі парламент ратыфікаваў дагавор у лістападзе таго ж года, а 1 снежня дакумент быў падпісаны Аляксандрам Лукашэнкам.

Тым не менш, беларускі бок так і не пачаў рэалізацыю дамоўленасцяў з Польшчай.

 

Здымак http://harodniaspring.org