Арніталагічная сенсацыя ў Гродне

|

На Нёмане птушку першым выпадкова заўважыў рэдактар сайта  birdwatch.by  Дзмітры Вінчэўскі:

 

–  Гуляў з сваім сабачкам, на ўсялякі выпадак захапіў фотаапарат.

Заўважыў і сфатаграфаваў вялікую чайку з цёмным верхам крылаў і спіны.

Ужо дома пачаў шукаць, вызначаць від. Спачатку думаў, што гэта чайка марская, але польскія калегі  на наступны дзень падказалі,  што менавіта залётная камчацкая.

Гэта новы для Беларусі від птушак. Заляцела яна да нас з Далёкага Усходу альбо Аляскі.

Птушка ў дарослым апярэнні, а значыць мае больш за 4 гады.

 

Камчацкую чайку на Нёмане ў цэнтры Гродна цягам 2 дзён назіралі некалькі бёдуотчараў. Атрымалася зрабіць некалькі фотаздымкаў і відэаздымкаў унікальнай для Беларусі птушкі.

27 снежня сенсацыйная навіна з’явілася на  birdwatch.by і прыцягнула незвычайную колькасць наведвальнікаў: больш за 1100 чалавек толькі за вечар пры звыклых 150 наведвальніках у дзень.

 

Камчацкая чайка – чацвёртая па памерах чайка ў свеце, гняздуе на заходнім узбярэжжы Аляскі, на далёкаўсходнім узбярэжжы і астравах Расіі.

 

У зоагеаграфічным рэгіёне Заходняй Палеарктыкі, куды ўваходзіць і Беларусь, яе назіралі толькі 4 разы.

Першая рэгістрацыя віду ў Еўропе адбылася ў 2008 годзе. Тады дарослая птушка з 17 лістапада 2008 па красавік 2009 лятала па Латвіі і Літве.   

Праз 2 гады птушку заўважылі ў Вялікабрытаніі.

14 мая 2012 – у Ісландыі, 3 лістапада 2012 года – у Фінляндыі. Апошні раз камчацкую чайку назіралі ў Гродне 26-27 снежня 2012 года. Спецыялісты вызначылі, што гэта не тая птушка, якую бачылі ў Фінляндыі, больш дарослая.

 

Падрабязна пра камчацкую чайку ў Гродне чытайце на birdwatch.by.

 

Здымак http://birdwatch.by