Сinema Perpetuum Mobile ў Гродне. Дзень першы

|

У гэтым годзе конкурсныя паказы ды пазаконкурсная праграма праходзяць адначасова ў некалькіх гарадах Беларусі. Гарадзенцы ў нядзелю мелі магчымасць наведаць моладзёвую секцыю ды паглядзець гэндэрнае кіно.

 

Першае, разам з адкрыццём фестываля, паказвалася ва ўтульнай зале “Кальяннай”.

 

Арганізатары вагаліся, ці справядліва вылучаць сярод добрага кіно моладзевую праграму. Аднак было вырашана, што так. Бо менавіта моладзевыя фільмы, знятыя моладдзю і для моладзі, найчасцей уздымаюць вострыя праблемы грамадства.

 

У маладосці людзі сур‘ёзна думаюць пра сэнс жыцця, для іх жыццёва важна знайсці сваё месца ў свеце, яны не баяцца змагацца і дамагацца праўды, браць нязведаныя рубяжы. А яшчэ не баяцца быць сабою.

 

Менавіта з такіх фільмаў – простых ды складаных, смешных, але сур’ёзных і пачаўся фестываль Cinema Perpetuum Mobile ў нашым горадзе.

 

Усяго да 19 студзеня будзе яшчэ сем паказаў, сярод якіх і рэгіянальная конкурсная праграма ў кінатэатры “Чырвоная зорка”. Гэта адзіны паказ, уваход на які будзе платным.

 

Адна з арганізатарак Юлія Каляда (на першым здымку):

 

Падчас  леташняга фестываля ў нашым горадзе, у адрозненні ад Мінска, праходзіў толькі адзін паказ.


Тады ён сабраў дастаткова вялікую колькасць людзей. У гэтым годзе мы вырашылі паглядзець, колькі людзей прыйдзе на большую колькасць паказаў. Хацелася б, каб гарадзенцы ўбачылі не толькі конкурсную праграму фестываля, як у мінулы раз, але іншыя добрыя фільмы.


Паглядзім, што атрымаецца з такога эксперымента, а яшчэ цікава ці будзе фестываль мець папулярнасць у нашым горадзе. Ад таго, як ён пройдзе ў гэтым годзе, мы будзем планаваць нешта цікавае ўжо на наступны.

 

У гэтым годзе праграма разбіта на тэматычныя секцыі: экалагічнае кіно, моладзевае, дакументальнае, анімацыя і гендэрная праграма. Менавіта яе і прадставілі ў памяшканні грамадскага аб’яднання “Цэнтр “Трэці Сектар” (на здымку ніжэй).

 

“Жаночая роля” – такая назва аб’яднала 5 фільмаў, якія раскрываюць гледачам унутраны свет жанчын, іх паводзіны ў розных экстрэмальных жыццёвых сітуацыях.

 

Правілы “нармальных” паводзін для жанчыны адрозніваюцца ад тых, што прадпісваюцца ў грамадстве мужчынам. Гатовыя шаблоны дазваляюць чалавеку бесканфліктна пражываць жыццё, але перашкаджаюць быць сабой.

 

Выйсці за рамкі “нармальнага” ды пайсці супраць грамадства – самае цяжкае. Але гэта ці не адзіны шлях выратавання свайго сапраўднага “я”. Як гэта робяць гераіні фільмаў, як застаюцца ў адзіноце, як спраўляюцца з праблемамі, – усё гэта маглі пабачыць ды абмеркаваць на імправізаванай дыскусіі гледачы.

 

Здымкі Яна Лялевіча