Архаічная энергетыка Уладзіміра Панцялеева

Яшчэ да пачатку выставы ўсіх гасцей сустракала жывая музыка, а зала была запоўненая прыхільнікамі творчасці гарадзенскага скульптара. Вернісаж змяшчае каля 30 работ аўтара – гэта невялікая частка таго, што стварыў Уладзімір Панцялееў за гады творчасці.

 

 

Аднак тое, што было паказана на выставе, некалькі адрозніваецца ад таго, што гараджане бачаць на вуліцах Гродна. Сам майстар прызнае:

 

У нашым горадзе размова ідзе ў большай ступені пра класічную форму. Гораду патрэбныя скульптуры рэалістычнага плана. Такая замова, а ў замовы ёсць адмысловыя патрабаванні. Калі, напрыклад, гэта мемарыяльная дошка  абавязкова патрэбнае падабенства. Галоўнае – патрабаванні замоўніка. А вось на пленэрах, працы з якіх можна тут убачыць, пануе творчая свабода. Вось і ўвесь сакрэт у такой розніцы паміж працамі.

 

 

Старшыня гарадзенскай абласной арганізацыі ГА “Беларускі саюз мастакоў” Мікалай Бандарчук, віншуючы з адкрыццём выставы, усё ж такі выказаў надзею, што калі-небудзь у нашым горадзе з’явяцца скульптуры “ў стылі Панцялеева”. Менавіта такія, што прадстаўленыя на выставе: архаічныя, сапраўдныя, са спасылкай на старадаўнія часы, з нейкай паганскай энергетыкай. Такія, што робяцца па загадзе душы, пранікнутыя нейкай задуменнай свабоднай творчасцю.

 

Работы майстра знаёмыя кожнаму жыхару Гродна: гэта статуя “Пакровы Найсвяцейшай Багародзіцы” каля сабора, Купідон каля ЗАГСа, скульптура Гараднічанкі ў парку Жылібера, і іншыя. Да слова, на статую Найсвяцейшай Багародзіцы аўтар выдаткаваў паўтара года, а на Купідона пайшло каля васьмі месяцаў.

 

Уладзімір Панцялееў – скульптар з сусветным імем. Яго працы захоўваюцца ў беларускіх, расійскіх і ўкраінскіх музеях, у вядомых людзей у свеце музыкі і тэлебачання, а таксама ў прыватных калекцыянераў з Германіі, ЗША, Францыі, Галандыі і іншых краін. Уладзімір Панцялееў распавёў, што яго скульптура ёсць у вядомага італьянскага музыкі і актора Адрыяна Чэлентана, адну з яго прац, будучы ў Мінску, купіў нядаўна памерлы расійскі актор Ілля Алейнікаў. Таксама майстру замаўлялі скульптуру для Мадонны, якую ёй падарылі на адным з канцэртаў у Лондане.

 

Выстава прац скульптара працягнецца да 4 лютага.

 

 

Здымкі Яна Лялевіча і Аляксея Гаўрыліка