Жыхары Свярдлова пра “Евроопт”: “Яны пачалі сваю працу з хлусні!”

| Без катэгорыі

У двары, каля засыпанай снегам будаўнічай пляцоўкі, некалькі дзясяткаў жыхароў дома эмацыйна спрачаліся з двума прадстаўнікамі кампаніі ды архітэктарам праекту.

 

А ў якасці каго вы тут прысутнічаеце? – цікавіцца экстравагантная дама.

Вырашаю вашы праблемы, – адказвае хлопец у скуранцы.

Ага, “рашальшчык”!

Давайце па сутнасці, вызначайцеся…

“Абкамаўскі гастраном” па вуліцы Свярдлова працаваў з 1972 года, у 90-х там з’явілася крама пліткі “Керамін”, апошнім часам будынак пуставаў. Прыкладна тры месяцы таму тут пачалася будоўля крамы “Евроопт”, адбылася першая сутрэча забудоўшчыкаў з жыхарамі.

 

Пенсіянерам нібыта нават паабяцалі ўставіць пластыкавыя вокны ў кватэрах, усё зрабіць прыстойна, але аказалася, што колькасць парковачных месцаў для жыхароў дома скароціцца, праезд у двор стане не такім зручным, ды і будоўля сама па сабе пачала напружваць жыхароў былога элітнага дома.

Каларытны жыхар год пацідзесяці ў акулярах ды з люлькай (на здымку) дзеліцца сваімі ўражаннямі:

 

– Канфлікты былі яшчэ за часамі крамы “Керамін” – паміж жыхарамі і кіроўцамі фур даходзіла да боек. У выніку зрабілі асобныя заезды для крамы і для нас. Месяцы тры таму з’явіўся “Евроторг”. Яны пачалі сваю працу з хлусні, паабяцаўшы бабулькам нашым бясплатныя вокны, павялічыць стаянку, пашырыць дарогу і г.д.

 

І што не супала?

 

– Яны пачалі прабіваць дзверы, стаянка наша паменшылася ў выніку. Двор ператвараецца ў задні двор крамы: прадавачкі, грузчыкі, пачнуць піць, пляваць, мацярыцца пад вокнамі… Ведаем мы гэтую публіку! У нас было 13 парковачных месцаў на дом, зараз асноўную стаянку забіраюць. Нас пакідаюць без двара і без стаянкі!

 

А будоўля сама замінае вам?

 

– Я сам будаўнік і бачу ўсе парушэнні: адустнічае агароджа, пашпарт аб’екта, будаўнічае смецце не вывозіцца. Заўчора нам з фарбапульта запэцкалі тры машыны! Мая пашкоджана менш, у суседа – трэба перафарбоўваць! Звонім прарабу, а ён кажа: “Пачысціце 92-м бензінам”. У мяне аўто за 50 тысяч даляраў і я яго буду чысціць бензінам?! Выклікалі міліцыю ў выніку…

Адна з машын, запэцканых фарбай

 

Як плануеце дзейнічаць далей?


– Мы склалі спіс патрабаванняў да забудоўшчыка, пад якім падпісаліся ўсе жыхары дома. Калі не спрацуе – пойдзем далей. Жанчыны нашы ўжо хадзілі да галоўнага архітэктара і там пачулі: “З кім вы звязваецеся? Вы што – не ведаеце, што такое “Евроторг”?”. Далей пісаць будзем па інстанцыях – губернатару, у дзяржкантроль. Калі спатрэбіцца – прэзідэнту.

З аналагічнымі пытаннямі мы звярнуліся да кіраўніка праекту Арцёма Міклушэвіча (на здымку злева).

 

Наколькі абаснаванымі вы лічыце патрабаванні жыльцоў наконт парковачных месцаў, тэрыторыі двара наогул?

 

– У некаторай ступені для іх яны абаснаваныя. Але ж гэта не іх тэрыторыя. Ёсць пэўныя заўвагі, якія мы прымем да ведама. Зараз дадзены праект зроблены згодна з усімі нормамі і правіламі. А будоўля гэта справа сур’ёзная. Усе нормы і правілы прапісаныя чым? Крывёю…

 

Будоўля не агароджаная, няма пашпарта аб’екта… Што на гэта скажаце?

 

– Агароджа тут раней была, але жыхары самі тут “давалі копаці”. У прыватнасці, выстаўлялі машыны на буд-пляцоўцы. Мне арганізаваць агароджу нескладана. Вось толькі ці будуць самі жыхары глядзець на яе спакойна?..

А вы сапраўды абяцалі жыхарам пластыкавыя вокны?

 

– Ніхто не абяцаў, мы казалі, што разгледзім такі варыянт. Было патрабаванне ад гарвыканкама высадзіць туі каля дзіцячага дома недзе на 40 мільёнаў – мы гэта зрабілі. Не памятаю які дом, нейкі ваш гарадзенскі…

 

А што наконт выпадку з запэцканымі фарбай машынамі?

 

– Мажліва і запэцкалі, я не прысутнічаў. Не выключаю, што калі нешта фарбавалі – сапраўды запэцкалі. Гэта пытанне да будаўнічай пляцоўкі. Але калі мы агародзім пляцоўку – гэта толькі ўскладніць сітуацыю.

 

Якія вы бачыце шляхі вырашэння сітуацыі?

 

– Мы разглядзім прапановы жыхароў, мажліва нешта ўлічым. Казаць пакуль рана.

align=”middle” alt=”Еўраопт Свярдлова, Евроопт Свердлова” >

Патрабаванні жыхароў дома да кампаніі “Евроторг”. Націсніце, каб паглядзець у большым памеры

 

Тым не менш, са слоў кіраўніка праекта, будаўніцтва мае быць скончана ўжо ў гэтым месяцы, а фірма ўжо зараз шукае каля 40 патэнцыйных супрацоўнікаў будучай крамы. Адкрыццё плануецца ў сакавіку.

 

Здымкі Яна Лялевіча