Букмекеры падазраюць “Нёман” у наўмыснай паразе

|

Як паведамляе “Прессбол”, нагодай для падазрэнняў магла стаць сітуацыя ў беларускім чэмпіянаце.

 

Першае месца ў турніры ўпэўненна займае жлобінскі “Металург”. На другім месцы ідзе “Гомель”, ад якога яшчэ нядаўна “Нёман” адставаў ўсяго на ачко.

 

У апошніх турах, аднак, гарадзенцы пачалі дзіўным чынам прайграваць супернікам, якія ў турнірнай табліцы знаходзяцца ніжэй. І калі параза ў гасцёх ад латвійскага “Металургса” з мінімальным лікам 2-3 сур’ёзных падазрэнняў не выклікала, то пасля сустрэчы з “Лідай”, якая адбылася 31 студзеня ў Гродне, пра “гульню ў паддаўкі” не гаварылі толькі людзі, якія не адрозніваюць хакей ад футбола.

 

Нагадаем, што ў гэты дзень гарадзенцы вялі ў ліку 3-0, але ў выніку прайгралі 5-6.

 

Навошта? 

 

Як піша “Прессбол”, “Нёману” выгодна асабліва не напружвацца і фінішаваць у рэгулярным чэмпіянаце трэцім.

 

Гэта дазволіць камандзе згуляць у плэй-оф …з “Лідай”, якая фінішуе шостай, а не са сталічным “Юніёрам”, які фінішуе сёмым.

 

Справа ў тым, што мінская каманда ў апошнія два дні студзеня ўмацавалася амаль ўсімі хакеістамі з асноўнага складу клуба “Юнацтва”, які гуляе ў расійскай Вышэйшай хакейнай лізе (ВХЛ). У выніку нядаўні сярэднячок беларускага чэмпіянату па сваім складзе стаў патэнцыйна адным з фаварытаў Адкрытага чэмпіянату Беларусі. Сустрэцца з ім ўжо ў першым раўндзе плэй-оф – сумнеўнае задавальненне, якога так імкнецца пазбегнуць “Нёман”.

 

Вось і 13 лютага ў Лідзе каманда Дзмітрыя Краўчанкі згуляла абы як, саступіўшы з лікам 0-2 пад здзеклівыя скандаванні заўзятараў “Нё-ман, Нё-ман!”. Як піша “Прессбол”, у трэцім перыядзе каманды на дваіх зрабілі толькі пяць кідкоў па браме…

 

Канечне, сітуацыю ў многім справакавалі хібы ў рэгламенце Адкрытага чэмпіянату краіны, якія даюць вось такія прывілеі адной з каманд (камбінацыя з ператварэннем “Юніёра” у “Юнацтва”).

 

Такі ход міжволі правакуе іншыя каманды таксама шукаць “хады ў адказ”. Але ці падумалі ў Федэрацыі хакея і ў кіраўніцтве каманд, задзейнічаных ва ўсёй гэтай гісторыі, пра заўзятараў?

Чым, як не падманам ў дачыненні да іх, можна назваць такога кшталту “гульні ў паддаўкі”? Хіба так заваёўваюцца любоў і пашана з боку заўзятараў? І ці патрэбны нам такі хакей?

 

А, можа быць, хакею зусім і не патрэбныя заўзятары?

 

Фота hcneman.by