Аляксандр Ждановіч: “Тэлебачанне – гэта андэграўнд”

Канцэртнае фота – дастаткова новы і малады напрамак у беларускай фатаіндустрыі. Можна сказаць, што ён толькі зараз і пачынае развівацца. Гэты працэс залежыць непасрэдна ад развіцця канцэртнай дзейнасці ў нашай краіне. Сапраўды, апошнім часам клубнае ды канцэртнае жыццё, нягледзячы на некаторыя праблемы, стала набірае моц.

“Гадоў пяць таму, калі я толькі пачынаў, – кажа самы паспяховы канцэртны фатограф краіны, – у Мінску ў месяц было чатыры-пяць канцэртаў, не больш. А цяпер за апошні тыдзень я зрабіў столькі ж рэпартажаў.

 

Канцэртная дзейнасць у Беларусі расце, мы рухаемся. Гэта не горш за тое, што адбываецца вакол нас. У нас нават круцей, весялей ды радасней. Я там быў – я ведаю”.

Для выставы Аляксандр выбраў са сваіх архіваў самае цікавае і лепшае за апошнія некалькі гадоў працы. Аднак большую частку складаюць фотаздымкі зробленыя за апошні год.

 

Выстава праходзіць у рамках праекта Інстытута Гётэ “Off the beaten tracks”, які накіраваны на  вывучэнне фестывалей ды еўрапейскай фестывальнай культуры ў цэлым. Беларусь акурат трапляе ў сферу інтарэсаў праекта.

Менавіта гэты праект дапамог фатографу вызначыцца, куды рухацца далей у плане творчага развіцця:

 

“Да такога выніку, што прадстаўлены на выставе, я ішоў пяць гадоў. Зараз адчуваю нейкі творчы крызіс і не ведаю, куды ісці далей. Дзякуючы праекту я зразумеў, што і як трэба рабіць далей. Трэба рухацца за сэрцам.

 

Калі я стаў фатографам, то цалкам аддаўся фатаграфіі. І раптоўна ў маім жыцці ўсё стала вельмі добра. Я проста служу людзям і раблю тое, што мне падабацца”.

Гродна – другі горад, дзе паказваецца выстава. У планах завезці яе ва ўсе абласныя цэнтры, каб усе жадаючыя змаглі дакрануцца, няхай і праз выявы, да яскравага клубнага жыцця ды адчуць свабоды летніх музычных фестываляў на хутары Шаблі.

 

Праводзячы для прысутных імправізаваную экскурсію па сваіх працах, Аляксандр Ждановіч дбайна і з пяшчотай расказвае пра ўсіх тых, хто паказаны на фотаздымках:

 

“Шмат для каго тыя, хто выяўлены на фотаздымках – нейкі андэграўнд. А для мяне андэграўнд гэта тое, што паказваюць па тэлебачанні, якое я не гляджу. Канцэрты, фестывалі, невялікія камерныя выступы – вось сапраўднае жыццё”.

Выстава будзе працягвацца да 6 сакавіка.

 

Здымкі Яна Лялевіча