“Бог стварыў неба і зямлю, а чорт – Іўе ды Зэльву”

|

Але ў кнізе ёсць мноства іншых цікавых фразеалагізмаў, прыказак, прымавак, загадак, проста ўдалых народных слоў, якія ўжывалі ў той час жыхары Гарадзеншчыны. Напрыклад, у Берштах Шчучынскага раёна пра фанабэрыстага чалавека гаварылі: “Мае шмат казулек у носе”. А ў Даўгялах Воранаўскага раёна пэўную сітуацыю вызначалі так: “Дурня і ў касцёле б’юць”. Ці як вам такі выраз, пачуты ў в. Байканы Астравецкага раёна: “Ляцеў як леў, а паў як муха”.

 

670 старонак кнігі – моўныя скарбы нашага краю, сабраныя не адным пакаленнем студэнтаў-філолагаў ГрДУ імя Янкі Купалы ў часе дыялекталагічных летніх практык. Я сам удзельнічаў у такой летам 1982 года на Ашмяншчыне.

 

Гартаеш гэту кнігу – і выразна чуеш, як размаўлялі ў нашых мясцінах у сямідзесятыя і васьмідзесятыя гады мінулага стагоддзя. “Слоўнік” быў надрукаваны накладам у 600 асобнікаў і ўжо даўно стаў рарытэтным выданнем. Такіх кніг востра не хапае ў наш час.

 

А 21 лютага мы адзначаем Міжнародны дзень роднай мовы, з чым я вас і віншую.