Інаватары-перасоўнікі з БРСМ даследуюць пену і ігнаруюць “Год беражлівасці”

| Без катэгорыі

20 лютага Моладзевы цэнтр Гродна наведала перасоўная выстава 16 праектаў конкурса “100 ідэй для Беларусі”. Імпрэза было гучна анансавана, а заяўленыя тэмы, такія як “зависимость устойчивости пены от различных факторов” не маглі не прыцягнуць увагі аўтараў “Твайго стылю”. У сераду ўжо ў 12 гадзін мы былі на месцы.

Тады ж, ці не за гадзіну да пачатку мерапрыемства, да Моладзевага цэнтра пачалі спаўзацца больш ці менш арганізаваныя групкі моладзі, дэлегаваныя з навучальных устаноў. У хвасце адной з такі “дэлегацый” усярэдзіну трапілі і мы.

Першае, што звяртае на сябе ўвагу: у фае ўсім ахвотным раздаюць марозіва. Побач сам Юрый Аляксей размаўляе пра штосці з прадстаўнічкай “Молочного мира”. “Можем разместить ваши рекламы”, – праходзячы побач, чуем урывак размовы.

 

Ля ўваходу, ля лесвіц, у зале ды наогул паўсюль дыжураць “байцы” дагэтуль таямнічага МООП (молодежный отряд охраны правопорядка, гэткае security-падраздзяленне БРСМ), ад чаго ўся падзея падаецца істотна значнейшай, ледзь не самітам АДКБ.

 

Па дарозе атрымліваем прэс-рэліз і здзіўляемся: дзве карткі, якія ў той жа дзень усе журналісты выкінуць на сметнік, надрукаваныя на якаснай крэйдавай паперы. Для БРСМ “Год беражлівасці” яшчэ хіба не наступіў.

 

Ля ўваходу ў галоўную залу мінаем макет другога моладзевага цэнтра, які актыўна будуецца на праспекце Касманаўтаў. Дагэтуль бачыць яго даводзілася толькі ў інтэрнэце.

У зале ўжо ўсё падрыхтавана, да пачатку застаецца нейкіх 10 хвілін. Як аказалася, чакаць прыйшлося яшчэ гадзіну. Відавочна, спазняліся галоўныя ўдзельнікі свята – чыноўнікі.

У чаканні адкрыцця ідзем чытаць 16 стэндаў з “інавацыйнымі ідэямі”. Некаторыя падаюцца даволі актуальнымі, як вытворчасць фторкампазітаў ці энергазберагальнасць, але большасць, хоць і сапраўды патрэбныя, далёкія ад “інавацыйнасці”. Што ж такога наватарскага ў адкрыцці студэнцкай кавярні або джамп-парка для актыўных відаў спорту?

Цалкам адэкватнай выглядае ідэя выкарыстання элементаў традыцыйнай народнай вопраткі ў моладзевай модзе. Вось толькі актуальнай моладзевай моды на стэндзе дакладна не было.

Агулам, інавацыйнасць у выданні БРСМ чымсці далікатна нагадала мадэрнізацыю ў выкананні беларускіх улад.

У чаканні пачатку моладзь ля стэндаў прытанцоўвала пад “Белая-белая Русь” і “I love Belarus”, Юры Аляксей сціпла прытопваў пад кавер на “Бе-ло-руссия” Кірыла Слукі (гэта там, дзе ён “думаў-думаў-думаў і выдумаў”). Невялічкі набор патрыятычных песен паўтарыўся ўжо некалькі разоў запар, але імпрэза не пачыналася. Дзяўчынкі ў кароткіх шорціках, якіх тут аказалася нечакана многа, бянтэжылі.

У 13.15 нейкая задорная ананімная асоба пракрычала ў мікрафон “Приятного вечера!”, але ў наступныя паўгадзіны нічога не змянілася. Толькі адкульсці з’явілася яшчэ пару дзясяткаў арганізаваных груп патрыятычнай моладзі.

 

Каб хоць неяк забіць час, мы паспрабавалі злавіць wi-fi, але ідэалагічна слушныя паролі кшталту brsm, zabelarus ці GrodnoZa не спрацоўвалі, таму мы хутка згубілі інтарэс. Папіць кавы таксама было немагчыма: бар на час імпрэзы зачынілі.

Нарэшце, каля 14.00 імпрэза пачалася. Але гэтага моманту дачакаліся хіба толькі самыя вялікія патрыёты і інаватары. Карэспандэнты “Твайго стыля” не з іх. Зрабіўшы колькі здымкаў псеўда-флэш-моба ды паказальнай працы графіцістаў, мы накіраваліся да выхаду. Там спакусіліся на бясплатнае марозіва і пацягнуліся ў рэдакцыю. Дзве гадзіны жыцця былі спраўна змарнаваныя.


Здымкі Яна Лялевіча