Цэнтр рэабілітацыі наркаманаў плануецца адкрыць у Скідзелі

|

Праект накіраваны на ўдзел у конкурсе заявак праграмы, якая фінансуецца Еўрасаюзам.

Гродзенскія медыкі распрацавалі праект цэнтра, знайшлі месца. Калі праект не будзе падтрыманы Еўрасаюзам, будуць разглядаць магчымасць яго рэалізацыі пры ўдзеле аблвыканкама. Частку выдаткаў на сваё ўтрыманне возьмуць на сябе самі пацыенты.

 

Рэабілітацыйны цэнтр з доўгатэрміновым пражываннем дапаможа дасягнуць больш трывалых вынікаў у пазбаўленні ад залежнасці.

 

Пакуль наркаманы шукаюць дапамогі ў аддзяленні неадкладнай наркатычнай дапамогі цэнтра “Псіхіятрыя-наркалогія”. Аднак для тых, хто хоча пазбавіцца ад смяротнай звычкі, патрэбная ізаляцыя на працяглы час.

Працэс тэрапіі доўжыцца 28 дзён. Далей з нарказалежнымі працуюць псіхолагі і валанцёры, але ў звыклым асяроддзі чалавеку цяжэй устрымацца ад спакусаў.

 

Паводле агучаных на прэс-канферэнцыі ў Гродзенскім абласным клінічным цэнтры “Псіхіятрыя-наркалогія” лічбаў, у вобласці афіцыйна зарэгістравана 1186 наркаманаў, 670 з іх – у Гродне і раёне.

 

З 2010 года дзейнічае праграма замяшчальнай тэрапіі метадонам, якая фінансуецца ў межах сумеснага праекта Міністэрства аховы здароўя і ПРААН.

 

У Гродне праграму наведваюць 129 чалавек, яшчэ 21 – у Лідзе.

Колькасць ахвотных удзельнічаць у праграме большая, чым ёсць магчымасць прыняць.

 

Паводле http://belta.by

Здымак http://nc-renessans.com.ua