Вайсковыя могілкі з танцпляцоўкай і пакоем смеху

|

Афанасій Маруткін нарадзіўся ў 1921 годзе, жыў у Кіраве. У красавіку 1942 года быў прызваны ў Чырвоную Армію і амаль адразу трапіў на фронт. Ужо праз месяц ён атрымаў сваё першае раненне.

 

19 чэрвеня 1944 года камандзіра мінамётнага ўзвода лейтэнанта Маруткіна ўзнагародзілі медалём “За адвагу”. Франтавыя сцяжыны прывялі камандзіра на Гарадзеншчыну. Тут у адным з баёў у канцы ліпеня 1944 года ён быў цяжка паранены (“скразное кулявое раненне чэрапа” – адзначалася ў дыягназе) і апынуўся ў шпіталі, дзе 1 жніўня памёр.

 

А вось малодшага лейтэнанта, камандзіра стралковага ўзвода Паўла Сычова, родам з Пензы, за баі на гарадзенскай зямлі адзначылі ордэнам Чырвонай Зоркі. Ва ўзнагародным лісце чытаем:

 

У баях з 23 па 28 ліпеня 1944 года праявіў мужнасць і адвагу. У гэтых баях быў паранены, аднак з поля боя не пайшоў, а працягваў камандаваць узводам. 28 ліпеня Сычоў асабіста падпоўз да варожай пяхоты і адкрыў агонь. Праціўнік не вытрымаў націску і адышоў. У гэтым баі Сычоў са сваёй зброі забіў трох нямецкіх салдат і быў паўторна цяжка паранены”.

Спіс пахаваных у Гродне

 

Малодшы лейтэнант, ураджэнец Ржэва Цвярской вобласці, Аляксандр Маісееў камандаваў сапёрным узводам і таксама вызначыўся на гарадзенскай зямлі. Зноў працытуем армейскі дакумент таго часу:


“19 ліпеня 1944 года ў баях за Гродна Маісееў пад моцным націскам праціўніка забяспечыў пераправу пяхоты палка праз Нёман. Ён зрабіў пяць нармальных перапраў і адрамантаваў адзін разбураны праціўнікам мост.


Быў цяжка паранены, аднак не адышоў ад ракі і працягваў кіраваць работамі. Толькі пасля таго, як былі зроблены пераправы і на заходні бераг Нёмана дастаўлены боепрыпасы, Маісееў пайшоў у санроту, адкуль быў накіраваны ў шпіталь, дзе хутка памёр. 27 ліпеня 1944 года ўзнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны І ступені пасмяротна”.

 

Гэтых людзей з розных куткоў Савецкага Саюза аб’ядноўвае тое, што летам 1944 года яны ваявалі ў нашым краі, атрымалі раненні і трапілі ў 132 палявы перасоўны шпіталь 50 арміі.

 

Тут знаходзіўся палявы шпіталь

 

Урачы змагаліся за іх жыццё, аднак выратаваць не змаглі. Воінаў пахавалі непадалёку ад шпіталю, у гарадскім парку. Мясцілася лячэбная ўстанова ў Гродне, па вуліцы Акадэмічнай, 10, дзе цяпер адзін з карпусоў аграрнага ўніверсітэта.

 

План могілак у сённяшнім парку імя Жылібера (націсніце, каб паглядзець у большым памеры)

 

Тых, хто паміраў у шпіталі, хавалі не там, дзе сёння ўсталяваны помнік і гарыць Вечны агонь, а там, дзе цяпер канцэртная пляцоўка, пакой смеху і шматлікія атракцыёны. Гаворка, канешне, ідзе не толькі пра тых траіх камандзіраў, пра якіх я расказаў у пачатку.

 

Дзясяткі савецкіх воінаў засталіся тут назаўжды. Толькі ў маім спісе (далёка не поўным) на сённяшні дзень ёсць прозвішчы 38 чалавек. Дарэчы, прозвішча Афанасія Маруткіна я ўпершыню знайшоў у кнізе “Памяць. Гродна” (Мінск, 1999) у раздзеле “Загінуўшыя воіны, месца пахавання якіх не ўстаноўлена”. Чаму ж не ўстаноўлена? З архіўных дакументаў выразна відаць, дзе мінамётчык знайшоў свой вечны спачын.

 

Я напісаў ліст у Гродзенскі гарвыканкам з прапановай усталяваць у гэтым месцы хаця б які-небудзь памятны знак. У адказ мне ветліва падзякавалі за ўвагу да ваеннай тэмы, запрасілі паўдзельнічаць у падрыхтоўцы новага выдання гарадзенскай кнігі “Памяць”. І ўсё.

 

 

Цяпер у гэтым кутку парка ціха і нешматлюдна. Але, калі пацяплее, усё памяняецца. Асабліва ажыўлена будзе 9 траўня і 3 ліпеня. Будзе ваўсю гучаць вясёлая музыка. Патанцуем?