У Гродне Каліноўскі павесіў Мураўёва

| Без катэгорыі

Вечар адкрыў гурт “Людзі на балоце”, які прыйшоў падтрымаць імпрэзу. Далей Антось Янкоўскі, аўтар гульні, ды ягоная нарачоная Наста Лукашкова, апранутыя ў нацыянальныя строі, распавялі аб правілах ды асаблівасцях “Паўстанцаў”.

 

Гульня нечым нагадвае вядомую “мафію”: ёсць каманда “паўстанцаў”, “расейкіх жаўнераў”, ды “цывільных беларусаў”. Кожны гулец ведае хто ён, але не ведае “масць” суседа. Дзякуючы навыкам псіхалогіі ды ўменню пераканаць адзін аднаго, удзельнікі выкрываюць супернікаў, пры гэтым спрабуючы “застацца сярод жывых”. Мінімальная колькасць гульцоў – 6, але ёсць яшчэ “Паўстанцы-міні” – ад 3 да 6 чалавек.

 

align=”middle” alt=”Антось Янкоўскі, Наста Лукашкова” >


Наста Лукашкова займалася дызайнам гульні: “Былі пэўныя праблемы з пошукам выяў, напрыклад, расейскіх жаўнераў. Але ўсё зрабілі. У выніку калода цалкам вытрыманая ў паўстанцкай стылістыцы”.

 

Прысутных, у асноўным моладзь, чакаў квас, яблыкі, печыва ды… народныя спевы ад дзяўчат з этна-гуртка. Набыць калоду можна было на месцы: 100 тысяч звычайны набор, 150 – у скуранай торбачцы, падарункавы варыянт, які размялі адразу.

 

 

Падрабязней пра “Паўстанцаў” чытачам “ТС” расказвае Антось Янкоўскі:


Адкуль узнікла ідэя гульні?

 

Знянацку, бо мы любім пагуляць у настольныя гульні, але хацелася чагосці беларускага. Перашарылі ўвесь інтэрнэт – няма! Крыўдна неяк. Пачалі прыкалвацца: “Мафія-паўстанцы…” Так гульня і з’явілася – з жарту і крыўды адначасова.



Ёсць аналагі падобных патрыятычных настольных гульняў, напрыклад, ва Украіне – гульня “За Волю!” (УПА vs Wehrmacht). Вы пра гэта ведалі?

 

Я не такі вялікі фанат “настолак”. Я ведаў “мафію”. Галоўнае пытанне, якое нас хвалявала – каб гульня не стала яе плагіятам. І яна, на маю думку, мае свае нацыянальныя асаблівасці.



Якія моманты ў гульні прынцыпова адрозніваюцца ад вядомай “мафіі”?

 

Ёсць карта “Лёсу” – то бок у чалавека ёсць шанец застацца, нават калі яго выкінулі. Тут гэта “Газета”, “Лес”… Такога больш нідзе няма. Ёсць карта “Выбару” і г.д. Такіх момантаў дастаткова.



Як вы збіраецеся свой праект прасоўваць “у масы”?

 

Мы зразумелі, што гульня спадабалася. Пакуль праводзім прэзентацыі. Ёсць запрашэнні ў Брэст, Віцебск, Гомель. Працуе адмысловая суполка ў інтэрнэце – шмат хто пра нас даведаўся менавіта адтуль. Калоду вязуць як падарунак сябрам у Вільню, Берлін… Наперадзе цэлы год, падчас якога гэта будзе актуальна.



Да кошту людзі ставяцца адэкватна?

 

Так. Для настольнай гульні гэта даволі танны кошт, тыя, хто гуляе, не дадуць схлусіць. Галоўнае для нас – каб гульня пайшла ў народ. Ну і сабе капейку зарабіць.



Як беларусам гуляецца “за Мураўёва”?

 

Гэта гульня: яна толькі мадэлюе паўстанне. Мая мара, каб у “Паўстанцаў” гулялі ў школе: уяві, які б гэта быў нефармальны урок гісторыі? Пасля яго ў галаве абавязкова застанецца – хто супраць каго ваяваў, нейкія прозвішчы, факты. Быў Мураўёў – ага, вельмі злы. Быў Каліноўскі – добры!

 

Адзін рэжысёр казаў, што кіно існуе для таго, каб зацікавіцца кніжкай. Гэтая “настолка” існуе для таго, каб зацікавіцца сваёй гісторыяй.


Пераможца першай гульні ў “Крызе”


Першая cпробная гульня адбылася тут жа. У выніку атрымалася немажлівае – прысутныя “змянілі” ход гісторыі хаця б на адзін вечар: Каліноўскі павесіў Мураўёва!



Здымкі Яна Лялевіча