У першым матчы плэй-оф “Нёман” адолеў “Ліду” з лікам 8:2

|

Вялікую ролю ў матчы адыграў першы перыяд, у якім гаспадары адправілі чатыры безадказныя шайбы ў вароты гасцей.

 

У другім перыядзе, лідар “Нёмана” Андрэй Макроў у большасці зрабіў лік 5:0. Хакеісты “Ліды” толькі на 29-й хвіліне матчу змаглі размачыць вароты “Нёмана” – вызначыўся Дзмітрый Віаленцій.

 

Арцём Кіслы ў меншасці з перадачы Яўгенія Лiсаўца адправіў шайбу ў вароты Сяргея Рагоўскага. У заключным перыядзе Яраслаў Крыстэк зрабіў лік 7:1, затым каманды абмяняліся галамі – на дакладны кідок Аляксандра Захаранкі адказаў Арцём Бажко – 8:2.



Шайбы:

03.15 1:0 – Кіслы (Лісічкін, Баярчук)

09.46 2:0 – Коласаў (Макроў, І. Усенка)

10.55 3:0 – Бажко (Фабуш)

14.57 4:0 – Панцыраў (Лісавец, Мядзел)

22.38 5:0 – Макроў (Антонаў, А. Усенка – бол.)

28.22 5:1 – Віаленцій (Трафімаў)

36.52 6:1 – Кіслы (Лісавец – мен.)

45.40 7:1 – Крыстэк

54.11 7:2 – Захаранка (Ганчароў, Баярскіх)

59.43 8:2 – Бажко (Коўшык, Міхайлаў)

 

Такім чынам, лік у серыі стаў 1:0 на карысць “Нёмана”. Пасля матча галоўны трэнер “Нёмана” Дзмітрый Краўчанка падзяліўся думкамі:

 

– Мы кантралявалі гульню. Супернік хацеў навязаць сілавую барацьбу, добра, што мы яе стрымалі. Было невялікае парушэнне гульнявой дысцыпліны, але ўсё ж дзякую хлопцам, што гулялі да канца.


– Вас не здзівіла, што гульня плэй-оф не сабрала поўныя трыбуны? Былі пустыя месцы.

 

– Я не магу адказаць на гэтае пытанне. Заўзятар сёння дастаткова ўбачыў закінутых галоў.


– Заўтра, думаеце, будзе больш людзей на матчы?

 

– Калі людзі прымуць такое рашэнне. Прыходзьце, мы будзем толькі рады.

 

Іншыя сустрэчы плэй-оф:

 

“Шахцёр” Салігорск 2-0 “Металургс” Ліепаяс

“Металург” Жлобін 8-3 Хімік-СКА

“Гомель” 1-2 “Юніёр”

 

Чарговыя сустрэчы ўсіх гэтых каманд адбудуцца сёння, 2 сакавіка.