Слонім з’явіўся на Зялёнай мапе

|

Паводле прэс-сакратара Цэнтра экалагічных рашэнняў Вольгі Астаповіч, ініцыятаркай распрацоўкі мапы стал Марыя Сума, якая сама паходзіць са Слоніма, таму палічыла важным, каб родны горад з’явіўся на Зялёнай мапе.

 

За некалькі дзён яна разаслала запыты і сабрала ўсю неабходную інфармацыю.

 

Слонім стаў пятым горадам на Зялёнай мапе (другім у Гродненскай вобласці пасля Гродна).

 

Тут усяго каля  20 пунктаў, дзе прымаюць другасную сыравіну, але для раённага горада гэта лічыцца нядрэнным вынікам.

Бібліятэкі могуць узяць непатрэбныя кнігі ў добрым стане, а праваслаўны і каталіцкі прыходы – ужываныя вопратку і абутак для людзей у патрэбе.

 

Паводле Марыі Сумы, пункты прыёму ёсць, але попытам яны не карыстаюцца, магчыма, з-за недастатку  інфармацыі.

Няма ў Слоніме месцаў, куды можна было б адвезці старую мэблю, бытавую тэхніку і іншыя віды адыходаў.

 

Але гэтая праблема актуальная для ўсёй  Беларусі.

 

Для тых, хто не ведае, куды  падзець непатрэбныя рэчы, створаны грамадскі інфармацыйны цэнтр па пытаннях хімічнай бяспекі і адыходаў.

Пазваніўшы па мінскім нумары (8-017) 237 40 70, чалавек з любой кропкі Беларусі зможа атрымаць кансультацыю і параду.

 

У хуткім часе на сайце greenmap.by  адкрыецца зялёная мапа Брэста, затым – Гомеля.

Дадаць інфармацыю на Зялёную мапу альбо стварыць такую мапу роднага населенага пункта  можа кожны.

 

Для гэтага трэба проста звярнуцца па інфармацыю пра пункты прыёму другаснай сыравіны ў райвыканкам, бібліятэкі і грамадскія арганізацыі, а ўсе атрыманыя звесткі дадаць на мапу.

Адміністратар сайта апублікуе інфармацыю.

 

Ініцыятары праекта рыхтуюць памятку па запаўненні мапы, каб кожны валанцёр ведаў, з чаго пачаць.

 

Здымак http://76.ru