У Гродне адкрылася першая цырульня для жывёл

|

Розніца з простай цырульняй адчувальная. Замест крэслаў тут адмысловыя сталы, абсталяваныя штатывам для ланцужка.

 

Ідэя адкрыць такі салон у нашым горадзе літаральна лунала ў паветры. Іна Волкава – студэнтка. Разам са свякроўю, якая і была натхняльніцай агульнай справы, прайшла вучобу ў Мінску.

Іна спрытна падстрыгае і сушыць свайго сабаку


Цырульнік для жывёл – прафесія запатрабавальная. За некалькі тыдняў, што працуе цырульня, яе наведала ўжо больш за 50 жывёл.

 

Канешне, сталіцу ўжо не здзівіш такімі салонамі прыгажосці для жывёл. Тут першы такі салон адкрыўся яшчэ ў 2008 годзе. Зараз у Мінску іх дзейнічае вялікая колькасць, а спіс паслуг не абмяжоўваецца толькі фрызурай. Робяць тут і манікюр, і ўкладкі, прадаюць адзенне для сабак ды стрыгуць не толькі сабак ды котак, але і іншых жывёл, напрыклад, трусоў.

 

У нас жа справа гэта новая, і пакуль у цырульні “ANIMAL SECRETS” можна падстрыгчы толькі котак і сабак.

 

“Гігіена гадаванца – гэта вельмі важна, – кажа Іна, а сама спрытна ставіць свайго сабаку Адама на стол. – Яму ўжо даўно трэба было падстрыгчыся. Заадно на ім пакажу, як гэта адбываецца – дадае дзяўчына”.


“А не будзе халадно?” – пытаю я.

 

Не, ён жа не на вуліцы жыве. Калі не падстрыгаць – утвараюцца каўтуны. Мне часцяком прывозяць вельмі запушчаных жывёл. Перад тым як стрыгчы, трэба выдаліць усю зваляную поўсць. Бывае так, што жывёліна – суцэльны “валёнак” – увесь падшэрстак у каўтунах, прыходзіцца гэта ўсё распутваць. Такая працэдура займае вельмі шмат часу.”

 

Столькі поўсці з невялікага на першы погляд сабакі застаецца пасля стрыжкі


Дарэчы, каб падстрыгчы сабаку сярэдняга памеру патрабуецца 1,5-2 гадзіны працы. Майстрыхе трэба, каб сабака правільна стаяў, што часам невыканальная задача. Сабакі круцяцца і імкнуцца саскочыць са стала.

 

“Часцяком людзі здзіўляюцца, што трэба так шмат часу. Але ж, калі сабаку ніколі не стрыглі, яна пачынае баяцца ды нервавацца, што натуральна. Трэба умець спраўляцца.”


Спраўляецца Іна з жывёламі вельмі лоўка, мы і заўважыць не паспяваем, як яна хуценька пераварочвае Адама, каб падстрыгчы яго жывот і лапы.

 

“Гаспадары просяць застацца і тады разумеюць, што стрыгчы сабаку – справа нелёгкая і чаму патрэбна столькі часу. Аднак мне больш зручна стрыгчы жывёл тэт-а-тэт, без гаспадароў.”


Для розных парод сабак патрэбныя розныя працэдуры.

 

“Мы выкарыстоўваем толькі спецыяльныя сродкі па дагляду за сабачай поўсцю, прычым для кожнай пароды існуюць свае, – распавядае Іна. – Да прыкладу, у ёркшырскіх тэр’ераў структура воласа блізкая да чалавечага, і ім абавязкова патрэбны бальзам.


Калі ён пачынае ламацца, то мы разам з гаспадарамі высвятляем прычыну: чым кормяць сабаку, як купаюць, што на яе апранаюць. Гэтым сабакам проста неабходна стрыжка!”


А вось сабакі такіх парод, як рызэншнаўцар і цвергшнаўцар скідваць шэрсць не могуць. Ім патрэбны стрыпінг. Яшчэ гэтую працэдуру часцяком называюць грумінг.

 

“А бывае так, што кліент кусаецца?” – “Вось якраз рызеншнаўцар мяне і пакусаў. Таму я з асцярожнасцю адношуся да гэтых сабак. Але не адмаўляю, канешне.”


 

Розныя пароды сабак патрабуюць розны падыход

 

Цырульнік для жывёл павінен ведаць не толькі асаблівасці поўсці жывёл. Чалавек выбірае сабе стрыжку у залежнасці ад тыпу твару, каб схаваць недахопы і падкрэсліць вартасці, да выбару прычоскі сабакі падыходзіць падобны прынцып. Па словах Іны, грумер абавязкова павінен ведаць анатомію сабакі, вывучыць афіцыйны стандарт пароды.

 

На сценах вісяць схемы стрыжкі розных парод. Сапраўды, гледзячы на іх, разумееш, што падстрыгчы сабаку – справа яшчэ і вельмі адказная.


Абавязковым атрыбутам такіх салонаў з’яўляецца фен, больш падобны на пылесос. Гудзе ён амаль такжа. Прынамсі сабаку дазваляе высушыць за лічаныя хвіліны.

 

У салон звяртаюцца за ператварэннем не толькі сабак, але і котак. Іх таксама купаюць ды робяць стрыжкі.

“Найчасцей прыносяць котак з доўгай поўсцю, з якой гаспадарам цяжка, – тлумачыць грумер. – У котак ёсць даўгія хвасты, з якімі можна праводзіць масу эксперыментаў, выстрыгаць фантазійныя ўзоры, напрыклад”.


Але гэта ў будучым. Іна плануе з цягам часу пашырыць спіс паслуг. Бьюці-індустрыя для жывёл пастаянна развіваецца. Ёсць яшчэ куды імкнуцца.

 

Здымкі Вольгі Мілавай