Гарадзенцы “вырашаюць”: “Нёман” – “Дынама-Брэст” 2:0

|

Прайшоў чарговы тур чэмпіянату Беларусі па футболе, дзе гарадзенскі “Нёман” сустракаўся дома з “Дынама–Брэст”. “Заходняе дэрбі” – так прынята называць супрацьстаянне гэтых дзвюх камандаў.


Матчы з іх удзелам заўсёды праходзілі ў жорсткай барацьбе. І гэты матч не стаў выключэннем. Да таго ж, у дзень гульні назіралася сапраўдная вясна, і гледачоў прыйшло нямала, каля 3 500 чалавек.

 

У першым тайме галоў мы не ўбачылі, хоць момантаў для ўзяцця варот было шмат, у асноўным у “Нёмана”. Раўнейка, пра якога мы ўжо казалі, што ён перажывае другую маладосць, меў два шанцы трапіць у вароты гасцей, але не хапіла дакладнасці. У першым тайме гульня не ішла, у гаспадароў былі моманты, але назіралася шмат браку.

У другім тайме каманды паказалі больш актыўны футбол. Нашыя флангі працавалі як ніколі – Савіцкі, Рэкіш, потым і Сеалін, усё часцей пагражалі варотам “Дынама”. Так, у адным з момантаў Савіцкі зарабіў пенальці, дасведчаны Дзенісевіч рэалізаваў яго. А пасля і сам Павел вызначыўся, здзейсніўшы найпрыгажэйшы абыход абаронцаў з паразай цэлi.

“Нёман” трэці матч запар забівае па два галы, абяцанні Сяргея Саладоўнікава аб атакуючай гульні ў сіле. А “Дынама” ў адзіноце апускаецца на дно турнірнай табліцы, не забіўшы ні аднаго гола са старту чэмпіянату.

 

Галоўны трэнер “Нёмана” Сяргей Саладоўнікаў:

 

“Другі хатні матч мы нядрэнна праводзім другі тайм. Удзячны гульцам за тое, што добра праяўляюць сябе ў такіх умовах – усё ж пераход са штучнага поля на натуральны газон з’яўляецца вельмі адчувальным.

 

Адзінае, мы рэалізуем толькі малую частку таго, што ствараем. Так было ў матчы з “Белшынай”, так і сёння, асабліва пасля таго, як лік стаў 1:0 на нашу карысць.”

 

Што тычыцца турнірнай табліцы, то наш гарадзенскі “Нёман” пакуль дзеліць першае месца з “БАТЭ” і “Тарпеда”, маючы ў актыве па 7 ачкоў.

 

Наступная гульня гарадзенскай каманды адбудзецца 17 красавіка ў Гродне. “Нёман” прымае “БАТЭ”. Наша падтрымка неабходная камандзе. Так што, усё на футбол!