На гендарным семінары абмеркавалі праблемы выхавання, сэксуальнасці ды разводаў

|

У мінулую суботу ў Гродне прайшоў семінар па гендарных пытаннях. На ім былі прадстаўлена два прадукты, створаныя ў межах доўгатэрміновага праекта “Развіццё гендарнай адчувальнасці, як перадумовы гендарнай роўнасці ў Беларусі”.


Удзел у рэалізацыі праекта бралі ў тым ліку і гарадзенцы, сябры грамадскай арганізацыі “Цэнтр “Трэці сектар” (офісе якой і адбываўся семінар). Праект праходзіў амаль год, за гэты час яго ўдзельніцамі былі напісаны і выдадзены рэсурсны пакет “Гендарны лiкбез” ды знята фемінісцкае відэа “Сукенка”.

Сустрэчу можна было ўмоўна падзяліць на дзве часткі: гендарную і фемінісцкую. Але гэта толькі ўмоўна.

 

Гендар паўсюль

 

Гендарныя пытанні зараз уздымаюцца не вельмі часта, і тое толькі актывіст(к)амі ды даследчыкамі і даследчыцамі. Большасць насельніцтва лічыць іх ці не вельмі важнымі ці ўвогуле непатрэбнымі для агульнаграмадскай дыскусіі.

 

Трэба адразу сказать, што на дзяржаўным узроўні Рэспубліка Беларусь падпісала і ратыфікавала шэраг базавых дакументаў ААН, накіраваных на абарону інтарэсаў жанчын і дасягненне гендарнай роўнасці. У нашай краіне дзейнічае нацыянальны план дзеянняў па забеспячэнні гендарнай роўнасці. Іншая справа, як ён дзейнічае і ці дае вынікі?

Семінар сабраў 15 удзельніц і удзельнікаў (добра, прызнаемся, што ўдзельнік быў адзін). На жаль, гендарныя пытанні ў большасці хвалююць чамусьці жанчын. Вось і ў праекце “Развіццё гендарнай адчувальнасці як перадумовы гендарнай роўнасці ў Беларусі” ўдзел прымалі выключна жанчыны. Хаця ніякіх абмежаванняў для мужчын не было.

 

Тэнденцыя пакуль такая, што гендарнымі пытаннямі ды праблемамі займаюцца ў большай частцы жанчыны. Хіба таму вельмі часта блытаюцца паняцці фемінізма і гендарнай роўнасці. Аднак іх трэба раздзяляць.

 

Фемінізм як сацыяльна-палітычны рух дапамог жанчынам многіх краін не толькі атрымаць роўныя з мужчынамі правы і магчымасці, але і паказаў ролю жанчын ва ўсіх сферах культуры. Ён змяняе грамадскую свядомасць, каб прызнаць жанчын паўнапраўнымі членамі соцыўма. Вывучэнне гэтых пытанняў у тэорыі вельмі паўплывала на стварэнне жаночых, мужчынскіх, а затым і гендарных даследаванняў.

Як ні дзіўна, гендарная роўнасць выгандная не толькі жанчынам, але таксама і мужчынам. Аб гэтым казала на семінары даследчыца Алена Мінчэня:

 

“Зараз мужчыны, на жаль, маюць меншую працягласць жыцця,чым жанчыны. Чаму так адбываецца? Адна з прычын – тое, што ў грамадстве прыняты вобраз брутальнага мужыка, які павінен працаваць, зарабляць, не павінен выказваць свае пачуцці. Быць чуллівым – не прынята. І гэта вельмі цяжка.

 

Гэта таксама адлюстроўваецца не лепшым чынам на жанчынах. Яны павінны адныя дажываць гэтую розніцу, не маючы падтрымкі, якую мелі ўсё жыццё. А калі жанчына не працавала, а была хатняй гаспадыняй, як гэта прынята, яна не мае працоўнага стажу. У выніку яна не мае добрай пенсіі і не мае мужа. Адсюль беднасць ды розныя эканамічныя цяжкасці, з якімі прыходзіцца сутыкацца сталай жанчыне”.

 

Калі пачаць распутваць гэты клубок праблем, аказваецца, што гендар – паўсюль. Праблема шлюбаў і разводаў, праблема старасці, нават эканамічнага дабрабыту – ва ўсіх сферах жыцця гендарнае пытанне прысутнічае і ўплывае на гэтыя працэсы.

 

Пачынаць з дзяцінства

 

Адным з галоўных пытанняў, што падымалася на семінары, было пытанне выхавання дзяцей.

 

“І што, зараз нельга казаць дзецям, хто яны хлопчык ці дзяўчынка? Няхай самі выбіраюць кім хочуць быць?” – з недаверам пыталіся ўдзельніцы. Не зусім так.

 

На аснове шматлікіх даследванняў навукоўцы прыйшлі да высновы, што ў цяперашні час арыентавацца толькі на біялагічны пол нельга, і ўвялі міждысцыплінарны тэрмін “гендар” (па-ангельску gender – род), які азначае сацыяльны пол, як прадукт культуры.

У выніку мы маем магчымасць разглядаць пытанні выхавання дзяўчынак і хлопчыкаў не як дадзенасць ад нараджэння, а як з’яву, якая выпрацоўваецца ў выніку складанага ўзаемадзеяння прыродных задаткаў і адпаведнай сацыялізацыі, а таксама з улікам індывідуальных асаблівасцяў кожнага канкрэтнага дзіцяці.

 

“Хлопчыкі заўсёды мацней за дзяўчынак” – кажа адна з удзельніц.

 

А вось калі, у якім узросце яны становяцца мацней? Калі побач пакласці двух немаўлят, хто з іх будзе мацнейшы? Аднолькава. Калі б былі аднолькавыя падыходы да выхавання, ці была б дзяўчынка слабейшай?

 

Пытанні гендарнага выхавання падымаюцца таксама і ў  рэсурсным пакеце “Гендарны лiкбез”, які прэзентавалі падчас семінара.

Кніга ўяўляе сабой “гендарны адказ” на найбольш істотныя для Беларусі і не толькі дыскусіі і пытанні, такія, як прадстаўленасць жанчын у палітыцы, выбар паміж кар’ерай і мацярынствам, права на аборт, гамафобія ў афіцыйным і апазіцыйным палітычных дыскурсах, выхаванне і магчымасці распрацоўкі гендарна-адчувальнага падыходу да адукацыі.

 

Кожная тэма ўтрымлівае тэарэтычныя ўводзіны ў праблему, напісаныя даступнай для неспецыялістаў мовай, вялікую колькасць прыкладаў з беларускага кантэксту, а таксама практыкаванні, на аснове якіх можна ў гульнявой форме данесці гендарныя веды да шырокага кола слухачоў. І ўсё будзе зразумела!

 

Акрамя таго, кніга суправаджаецца дыскам з дадатковымі матэрыяламі і літаратурай па кожнай тэме, а таксама займальным тэстам, які дазваляе выявіць найбольш праблемныя з пункту погляду гендарнай тэорыі пытанні.

 

Фемінісцкае відэа “Сукенка”

 

У другой частцы семінара ўдзельнікам прадставілі відэа-эсэ “Сукенка”. Аўтаркі спецыяльна не называюць яго фільмам, бо тут няма звыклай драматургіі ды сюжэта. У стужцы – гісторыі розных жанчын. Дзеянне адбываецца 8 сакавіка. Як гэты дзень ператварыўся ў “жаночае” свята і якое яно нясе значэнне зараз, можна адсачыць і ўбачыць у фільме.

 

Тут жанчыны распавядаюць. Пра сябе, сваё жыццё, выбары. Відэа яшчэ і пра тое, як сацыяльнае “адзенне” дапамагае нам выдаваць жаданае за рэальнае.

 

Часцяком у тых, хто глядзіць гэты фільм, узнікае пытанне – а дзе ж мужчыны? У гэтым відэа голас дадзены жанчынам і толькі ім. Стваральніцы ўпэўнены, што голас мужчын і так надта чутны, а вось жаночы – не вельмі. Гэты перакос у бок фемінізму – спецыяльны. Стваральніцы відэа не хаваюць гэтага, кажучы аб тым, што насамрэч усё справядліва.

 

Здымкі Ірыны Новік