Гарадзенскія актывісты АГП абмеркавалі праблему смяротнага пакарання

|

На праглядзе прысутнічалі гарадзенскія актывісты АГП і моладзевага крыла партыі “Маладыя дэмакраты”. У ходзе дыскусіі, якая разгарэлася пасля прагляду, многія з прысутных агучылі свае думкі з нагоды смяротнага пакарання.

 

Гучалі меркаванні як “за”, так і “супраць” адмены смяротнага пакарання. Асноўнай аргументацыяй прыхільнікаў найвышэйшай меры пакарання было тое, што за шэраг злачынстваў, якія прывялі да смерці людзей, або за злачынствы ўчыненыя з асаблівай жорсткасцю – смяротнае пакаранне падыходзіць найбольш. Да таго ж утрымліваць пажыццёва злачынцаў – даволі дорага.

 

Прыхільнікі адмены смяротнага пакарання прыводзілі ў прыклад вопыт еўрапейскіх краін і Расіі, дзе на смяротнае пакаранне накладзены мараторый. Пазбаўленне жыцця іншага чалавека, хай нават і вінаватага ў злачынстве, гэта забойства. Да таго ж, сённяшняя сістэма ў Беларусі далёка не ідэальная і ў ёй здараюцца памылкі. Таму існуе верагоднасць пакараць смерцю невінаватага, а гэта ўжо ніяк не выправіць.

 

align=”left” alt=”Аляксандра Васілевіч, Маладыя дэмакраты” >“У выніку паўтарагадзіннай дыскусіі ўдзельнікі сышліся на меркаванні, што пры існуючай у Беларусі судовай сістэме трэба ўводзіць мараторый на смяротнае пакаранне. Прагучала таксама думка, што ў грамадстве трэба ўздымаць гэтае пытанне, каб думалі і памяталі пра яго не толькі актывісты палітычных і грамадскіх арганізацый і праваабаронцы, але і грамадзяне, бо яны ствараюць грамадскую думку”, – падвяла вынік сённяшняй сустрэчы Аляксандра Васілевіч, кіраўнічка “Маладых дэмакратаў”.

 

Як паведамляе сайт БАЖ, “Убыл по приговору” – другі фільм, зняты ў межах кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі”. Першы фільм “Прычына смерці – прочырк” быў прысвечаны праблеме невыдачы цел сваякам растраляных, а таксама ставіў пытанні: чаму дзяржава робіць таямніцу з выканання смяротных прысудаў – дата выканання не паведамляецца, целы расстраляных не выдаюцца сваякам для пахавання, у пасведчанні аб смерці ў графе “прычына смерці” стаіць прочырк.

 

У фільме «Убыл по приговору» ставіцца праблема існавання катаў – людзей, якія ад імя дзяржавы прыводзяць прысуд у выканне. Пра гэта ў фільме распавядае чалавек, які асабіста прымаў удзел у 134 пакараннях смерцю, – Алег Алкаеў, былы начальнік СІЗА № 1 г.Мінска, аўтар кнігі “Расстрэльная каманда”.

 

Здымкі ec.europa.eu з і архіву “Твайго стылю”