Ад нападаў жывёл за паўгады пацярпелі 968 жыхароў Гродзенскай вобласці

|

Усе яны  былі вымушаныя звярнуцца па медыцынскую дапамогу.

Сярод пацярпелых – 261 дзіця.


Традыцыйна найчасцей агрэсію да людзей праяўлялі сабакі і кошкі – 93,3% выпадкаў.

632 пацярпелых прайшлі імунізацыю супраць шаленства, прыводзіць статыстыку region4.by.

Колькасць выпадкаў захворванняў шаленствам на Гарадзеншчыне за 8 месяцаў з пачатку 2013 года ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года павялічылася на 7,3%.

Найбольш – у Гродне, Гродзенскім і Лідскім раёнах.

 

У пачатку 2013 года ў некаторых раёнах Гродна ўводзілі карантын па шаленстве.

 

Ад жывёл з дыягназам “шаленства”  пацярпеў 81 чалавек (за аналагічны перыяд летась – 49).

У чатырох выпадках шалёныя жывёлы паспявалі заразіць па некалькі чалавек: усяго 35 ахвяр, у тым ліку 8 дзяцей.

 

28 верасня адзначаўся Сусветны дзень барацьбы з шаленствам.

Медыкі нагадваюць, што вірус шаленства не лечыцца, гэтая хвороба смяротная.

Дапамагчы можа толькі своечасовая вакцынацыя.

Даўно мінулі часы, калі пацярпелым ад укусаў сабак рабілі па 40 уколаў у жывот супраць шаленства.

Цяпер, калі жывёла-агрэсар не праявіць прыкметы шаленства цягам 10 дзён, абыходзяцца ўсяго 2  ін’екцыямі. Калі назіраць за жывёлай няма магчымасці, дзеля прафілактыкі зробяць яшчэ некалькі ўколаў.

 

Пасля ўкусу вельмі важна як найхутчэй добра прамыць рану мыльнай вадой, а пасля атнысептычным сродкам (70% спіртам), і адразу звярнуцца ў траўмапункт.

У гэтым выпадку, нават калі жывёла хворая на шаленства, ніякіх наступстваў для здароўя ахвяры не будзе.

 

Верагоднасць заражэння залежыць таксама ад месца ўкусу.

Так, калі рана на назе – верагоднасць каля 30%, на руцэ вышэй локця – больш за 60%, а калі ўкусы ці драпіны  на твары альбо кісці  рукі – больш за 90 %.

 

Адзінкавыя выпадкі смерці людзей ад шаленства ў Беларусі рэгіструюцца штогод.

У 2009 годзе памёр жыхар Шчучынскага раёна.