Шэсць журналістаў і адзін валанцёр – вынік закліку дапамагчы гарадзенскай сінагозе

|

Кіраўнік габрэйскай абшчыны ў Гродне Барыс Квяткоўскі расказаў:

 

“Вы ўжо шосты журналіст за ўвесь дзень. А колькі чалавек прыйшло на дапамогу? Толькі адзін! І гэта пры тым, што мы пісалі аб’явы аб дапамозе, але пакуль вынік слабы…”

Па словах Барыса Квяткоўскага, на дадзены момант у храме праводзіцца аналіз наступстваў і падлічваецца ўчыненая полымем шкода. Разбіраюць завалы, адключана электраэнергія, рамантуюць кацельную. Сітуацыю ўскладняе надыходзячая зіма.


“Галоўнае, каб не адбылося абвалаў будынка і не загінулі каштоўныя экспазіцыі і музейныя экспанаты”, – турбуецца кіраўнік абшчыны.

На пытанне пра тое, як кожны ахвотны можа дапамагчы, Барыс Квяткоўскі патлумачыў:


“Проста прыходзіць у працоўным адзенні і дапамагаць. Бо ёсць што рабіць! Вельмі шмат працы! Асабліва па ліквідацыі тых завалаў, што ўтварыліся там, унутры”.

Нагадваем, што ў ноч на 27 лістапада ў Гродне загарэўся будынак вялікай харальный сінагогі – помніка архітэктуры XVI ст, пабудаванай у 1575-1578 гг. знакамітым італьянскім архітэктарам Санці Гучы. Гэта адна з самых старых сінагог у Беларусі, якая захавалася пасля другой сусветнай вайны, і буйнейшая ва Усходняй Еўропе.

 

Абшчына звяртаецца да ўсіх неабыякавых людзей аказаць непасрэдную дапамогу ў разборы завалаў і ліквідацыі наступстваў. Звяртацца трэба ў сінагогу.