АДЧЫНЯЙ ДЗВЕРЫ, ШКОЛА!

Уявіце такую карціну: перад люстрам стаіць маленькі хлопчык. Ён упершыню глядзіць на сябе нейкімі іншымі вачыма. Ён ўжо ж сапраўдны мужчына! Сур’ёзны касцюм, гальштук, на левым плячы – рукзак, у правай руцэ – кветкі. Мама папраўляе звычайна непаслухмяны, але зараз старанна прычасаны чуб – апошні штрых новага іміджу. З непрыхаваным задавальненнем ён глядзіць на сябе, хлопчыка, які ўжо праз нейкія паўгадзіны будзе горда крочыць па доўгім школьным калідоры насустрач сваёй першай настаўніцы, першым аднакласнікам і… новаму жыццю. Хлопчык ідзе ў школу.

А зараз зазірнем да аднаго ўжо зусім сталага мужчыны. Шыкоўны касцюм, дарагі гальштук, тоўсты партфель з дакументамі… і ўсё той жа непаслухмяны чуб і радасна-трывожны бляск у вачах. За плячыма – армія, інстытут, 10 год сур’ёзнай працы; а ў правай руцэ – як звычайна, кветкі для першай настаўніцы… Выпускнік ідзе ў школу.

Вечары сустрэчы выпускнікоў даўно стала традыцыяй праводзіць у першую суботу лютага. У гэты дзень у школах цяжка сустрэць дзяцей – іх звычайных наведвальнікаў. У кабінетах, калідорах, на лесвіцах тоўпяцца дарослыя «дзядзькі» і «цёткі», якія прыйшлі, каб яшчэ раз апынуцца ў дзяцінстве, успомніць школьныя гады.

Вось, літаральна заўтра, каб шчыра і ветліва сустрэць сваіх выпускнікоў, адчыняць дзверы амаль усе школы горада. Чаму «амаль»? Таму што наша трэцяя школа правяла гэта мерапрыемства ўжо як тыдзень таму. І дата гэта – не выпадковая. 30 студзеня сярэдняя школа № 3 адзначала сваё 30-цігоддзе. Святкаванне было запланавана ў форме юбілейнага вечара сустрэчы выпускнікоў, аб чым на працягу трох тыдняў шчыра распавядалі абвесткі на дамах і крамах Прынеманскага раёну. Афіцыйная частка і святочны канцэрт прайшлі ў зале Гродзенскай абласной філармоніі. З юбілеям дырэктара школы Дзмітрыя Марцёна і настаўнікаў прыйшлі павіншаваць загадчыкі ўсіх вышэйшых адукацыйных структур г. Гродна: Сяргей Блажэй (ГарАНА), Святлана Арлова (РайАНА).

Віншавалі школу імя В.М. Усава і памежнікі з аднайменнай заставы, і кіраўніцтва суседніх школ раёна, і першыя выпускнікі, якія зараз займаюць высокія пасады ў гарадскіх і абласных установах. Былая настаўніца СШ № 3, а зараз супрацоўнік Абласнога аддзелу адукацыі Алена Санько ўрачыста звярталася да прысутных: «Я вельмі ўдзячна, што свой першы працоўны вопыт атрымала менавіта у гэтай школе. Трэцяя школа імя В.М. Усава з музычнай накіраванасцю – адзіная сярод агульнаадукацыйных школ Беларусі, якая можа ганарыцца 7 творчымі калектывамі са званнем «узорны». Яны неаднойчы станавіліся лаўрэатамі нацыянальных і замежных конкурсаў і фестываляў».

Гэтыя ганаровыя званні і «пацвярджалі» вучні школы і іх кіраўнікі падчас 2-х гадзіннага канцэрту, удзельнікі якога ніколькі не саступалі ў сваіх талентах удзельнікам Еўрабачання. Выступленні харавых калектываў дзяўчынак і хлопчыкаў змянялі гарачыя шоў танцавальнага калектыву «Калейдаскоп», а на змену нумарам з удзелам ужо сталых артыстаў – выпускнікоў нашай школы – прыходзілі замілавальныя дэбюты зусім яшчэ маленькіх музыкантаў. Я аказалася сярод тых «шчасліўчыкаў», чый клас прыйшоў амаль ў поўным складзе, чаму былі невымоўна рады і мы самі, і нашыя настаўнікі. Увогуле, уражанняў якія мы атрымалі падчас урачыстай часткі і канцэрту, хапіла і на традыцыйны працяг вечара ўжо па-за сценамі школы.

Мо таму што ўсё гэта адбывалася ў сценах «чужога» велізарнага памяшкання, а, можа, і таму што праходзіла мерапрыемства на тыдзень раней сваёй традыцыйнай даты, але такіх нязменных атрыбутаў усіх вечароў сустрэчы, як святочная рэгістрацыя выпускнікоў, класныя фотаальбомы, жарты, апытанні і конкурсы з удзелам выпускнікоў, мы не ўбачылі. Не было і сардэчных і чуллівых размоў з класнымі кіраўнікамі. Шчыра кажучы, і саміх выпускнікоў было зусім няшмат. Пасля канцэрту святочна прыбраныя настаўнікі расчаравана стаялі паасобку – той невялічкай «кучкі» іх былых вучняў, якія здолелі сабрацца, на ўсіх, на жаль не хапіла.

Вось і засталося пасля ўсяго гэтага нейкае пачуццё незакончанасці і незадаволення. Здаецца, чамусьці, нягледзячы на тое, што свой юбілейны вечар сустрэчы наша школа ўжо адсвяткавала, у бліжэйшую суботу натоўп натхнёных і верных выпускнікоў, якія па розных прычынах не трапілі ў залу Філармоніі, школьны будынак ўсё ж такі не абміне. Таму… адчыняй шырэй дзверы, родная школа!

Таццяна ДАНЧЫШЫНА

Фота аўтара