40 партрэтаў гарадзенак прадставіла фатограф Наталля Дораш

Жыхароў Гродна Наталля здымала ў розных месцах і розных сітуацыях апошнія тры гады. Агулам назбіралася 120 фотаздымкаў, але такую вялікую выставу правесці было б складана. Таму для маленькага памяшкання галерэі “У Майстра” аўтарка абрала 40 жаночых партрэтаў. Многія з гераінь пагаджаліся пазіраваць, але ёсць і фота, зробленыя цішком.

“Гараджанкі” – трэцяя персанальная выстава Наталлі Дораш. Папярэдняя выстава пад назвай “Палешукі” экспанавалася ў Гродзенскай выставачнай зале ў кастрычніку 2013 года.

Наталля Дораш займаецца фатаграфіяй больш за 40 год, з’яўляецца сябрам народнага фотаклуба “Гродна”. Яе цыкл “Паства” заняў другое месца ў катэгорыі “Народныя традыцыі” ў конкурсе “Прэс-фота Беларусі 2011”.