Еўрамайдан: погляд “з таго боку” барыкад

|

Чаму ты вырашыў пайсці на Майдан?


Спачатку я пайшоў на Майдан таму, што ўлады адмянілі еўраінтэграцыю. Для многіх гэта была сваеасаблівая надзея на новую будучыню, на змену краіны ў лепшы бок, на тое, чаго нас пазбавілі. А потым адбыліся падзеі 16 студзеня, калі ўступілі ў сілу дыктатарскія законы, якія прыняла Вярхоўная Рада. І Еўраймайдан змяніўся. Змянілася тая аснова, з-за якой людзі на яго выходзілі.


А ці не было сумненняў у тым, што ў Мытным саюзе, магчыма, будзе лепей чым у еўрапейскім?

 

Не, на Майдан я ішоў вельмі свядома. Для меня Еўропа – крок да станаўлення прававой дзяржавы, а Мытны саюз – вяртанне ў савецкае мінулае. Дзякуй, не трэба.

 

Ці можа Расея пахваліцца тым, што яна прававая дзяржава? Ці могуць краіны Мытнага саюзу прэтэндаваць на статус прававых гарантаў? Я ў гэтым вельмі сумняваюся. Хочацца жыць у дзяржаве, у якой будуць працаваць суды, а не там, дзе “мажор” збівае на пешаходным пераходзе пяць чалавек і атрымлівае за гэта год умоўна. Мы жывем так ужо чатыры гады. І гэты выпадак – маленькая кропля ў моры.


Па тэлебачанні, асабліва расейскім, шмат кажуць пра “карычневую” рэвалюцыю. Ты сам падтрымліваеш “карычневыя” погляды?

 

Канешне не! Гэта лухта! Я сам гляджу гэтыя навіны, гэтыя тэлеканалы і стаўлюся да такога погляду вельмі негатыўна. Калі іх слухаць, то атрымліваецца, што на Майдане адныя нацысты і “бандэраўцы”. Калі я бачу сотні і тысячы людзей, якія выходзяць на Майдан, я не скажу, што яны фашысты, што яны “бандэраўцы”. Так, там ёсць людзі, які настроены вельмі нацыянальна. На Майдане шмат розных арганізацый. Але там няма такога, каб людзі масава “зігавалі” і крычалі “хайль гітлер”.

Гледзячы на Майдан, я бачу там людзей бізнесу, звычайных працоўных людзей сярэдняга класу. Гэта людзі, якія былі пастаўлены ўладай у тупік, загнаныя да такой ступені, што іх гэта ўсё проста дастала. Такіх там пераважная большасць. А тое, што па расейскім тэлебачанні паказваюць нейкія прапагандысцкія рэчы, гэта праблемы тых, хто гэта паказвае, і тых, хто гэтаму верыць.

 

Калі чалавек сапраўды цікавіцца Майданам, ён павінен сачыць за інфармацыяй з розных крыніц. Тое, што паказвае тэлевізар, і тое, што адбываецца на Майдане – розныя рэчы.


А якія суполкі ўвогуле існуюць на Майдане? Я маю на ўвазе нацыяналістаў, анархістаў, дэмакратаў і г.д.

 

Я нават не ведаю. Я не звяртаў на гэта ўвагу. Калі яны там і ёсць, то іх там мізэрная меншасць. Асноўныя рухі, якія існуюць на Майдане, гэта прадстаўнікі “Удара”, “Свабоды”, “Бацьківщіны”, “Правы сектар” і так званае аб’яднанне “Самаабарона”.


Не раз чуў, што на Майдане плацяць грошы. Ці так гэта?

 

Ну скажы мне, як можна заплаціць 300 тысячам чалавек? Я не буду спрачацца, магчыма, ёсць людзі, якія атрымліваюць грошы. Але гэта хутчэй за ўсё валанцёры, якім, можа быць, і плацяць. Разумееш, калі будынак захоплены, там павінна быць забеспячэнне кухні, прыборкі і г.д. Вось такім людзям, магчыма, і плацяць. Але я гэтага не бачыў. А каб на Майдане “круціліся” грошы за ўдзел у мітынгу – гэта проста немагчыма.

 

У сярэднім Майдан збірае пасля 14.00 каля васьмі тысяч чалавек, а бліжэй вечара, вельмі часта, там становіцца і пад 30 тысяч. Людзі пасля працы стараюцца зайсці на Майдан, прабыць там некаторы час і пайсці дамоў. І гэта працягваецца ўжо тры месяцы. Кожны дзень гэта аплочваць – ні ў якія рамкі не ўваходзіць. Гэта якое павінна быць фінансаванне?

На Майдане людзі самаарганізаваліся. Кожны стараецца нешта зрабіць, чымсці дапамагчы. Напрыклад, па панядзелках і па суботах робяцца так званыя “суботнікі”. Людзі проста прыходзяць і самі прыбіраюць. Яны прыбіралі смецце, даўбілі лёд, каб вада сцякала ў канаву з вуліцы Грушэўскага, бо там пастаянна “палівалі”. Гэта ўсё было і ёсць, і за гэта ніхто нікому не плаціць, бо ў суботніках прымаюць удзел звычайныя працоўныя людзі.

 

А вось на антымайдане плацілі грошы. Спачатку плацілася ад 150 да 200 грн, калі ты прастаіш там з восьмай раніцы да восьмай вечара. Потым расцэнкі павышаліся. Туды свазілі людзей з розных раёнаў і абласцей, грошы давалі па спісках. Антымайдан збіраў да трох тысяч чалавек. Магчыма, менш. Я асабіста гэта бачыў і таму ведаю.


Як атрымалася так, што людзі два месяцы стаялі мірна, а потым раптам пачаліся сутычкі з сілавікамі?

 

Проста дастала. Дастала гэтае мірнае стаянне, калі нічога не змяняецца, а ты проста стаіш. І мала таго, ты проста стаіш, а табе 16 студзеня кажуць, што за тое, што ты стаіш, цябе можна пасадзіць на пэўны тэрмін. Тут сябе праявіў “Правы сектар”, калі некалькі чалавек падбеглі да мікрафону і сказалі, што трэба нешта рабіць, бо іначай нас усіх разгоняць і Майдан скончыцца. Гэтым “Правы сектар” і заслужыў павагу з боку пратэстоўцаў.


Ты быў у мінулы чацвер на Майдане? Зноў жа, калі глядзець тэлебачанне і інтэрнэт-ролікі, становіцца не зусім зразумелым, хто і ў кого страляў.

 

Так, я быў на Майдане ў чацвер. Стралялі сілавікі. Спачатку людзі ў чацвер пайшлі ў бок Вярхоўнай Рады. У асноўным пайшла Самаабарона. Таксама пайшоў “Правы сектар”. Людзей было няшмат. Мы выйшлі ў восем гадзін, падняліся па Інстытуцкай, падыйшлі да Марыінскага парку, людзі былі на Грушэўскага. Спачатку ўсё было мірна і спакойна.

 

Потым падыйшла вялікая колькасць людзей на тую ж Інстытуцкую, да Марыінскага парку. Тут ужо пачалося супрацьстаянне. Зброя ані на Інстытуцкай, ані ў Марыінскім парку не ўжывалася. Яе пачалі ўжываць у другой палове дня – у асноўным сілавікі. Было жорстка, вельмі жорстка.

 

Магчыма, агонь вёўся і з боку “Правага сектару”. Я не выключаю, што там таксама была зброя. Але не ў такой масавай колькасці і не ў такой “зверскай” форме. Ты сам можаш паглядзець відэа, дзе салдат стаіць у форме “Беркута” і страляе чаргой з калашнікава ў бок пратэстуючых, а потым ён паварочваецца і страляе ў бок сілавікоў. Гэтага чалавека ўжо злавілі, і што з ім я не ведаю.

Паўтаруся, я не адмаўляюся, што ў пратэстуючых была зброя. Але яна была не ў такой колькасці і прымянялася не ў такой жорсткай форме, як з боку сілавікоў. Паглядзі сам, на цяперашні момант 88 загінулых з богу мітынгуючых – гэта толькі афіцыйна. Неафіцыйна, я думаю, многа больш.

 

І гэта не ўлічваючы тых людзей, якіх збівалі сілавікі сумесна з “цітушкамі” ў Марыінскім парку, калі стаіць шэраг сілавікоў, а за ім стаіць шэраг людзей, якіх назавем “цітушкамі”, хоць гэта былі не “цітушкі”. Гэтыя хлопцы былі не спартыўнай знешнасці, там было нешта падобнае на зэкаў, якіх звезлі невядома адкуль. І вось сілавікі адыходзяць назад, выходзяць гэтыя так званыя “цітушкі”, закідваюць людзей камянямі, потым адыходзяць назад і зноў хаваюцца за сілавікамі. А калі ішла атака “Беркута” на “Самаабарону”, то “цітушкі” проста выконвалі ролю людзей, якія ішлі і дабівалі. А ўжо потым падключыліся сілавікі са зброяй.

 

Януковіч ужо сыйшоў, а Майдан працягвае стаяць. Чаму людзі яшчэ там знаходзяцца?

 

Гучалі словы, што Майдану няма ўжо сэнсу стаяць, людзям можна разыходзіцца… Я не згодны з гэтым, як і людзі, якія засталіся стаяць. На Майдане таксама было аб’яўлена, што ніхто нікуды не будзе разыходзіцца. Людзі павінны стаяць для кантролю ўлады, каб пракантраляваць, ці будзе ўлада рабіць тое, за што стаіць Майдан. Таму і было заяўленне Юліі Цімашэнкі, якая заклікала людзей ні ў якім выпадку не разыходзіцца.

 

Вось, напрыклад, выбралі Юшчанку. Ён шмат чаго наабяцаў, а потым усё гэта “прафукаў”. Людзі стаяць на Майдане, каб гэтага не паўтарылася.


Калі ўжо размова пайшла пра Юлію Цімашэнку, ці бачыш ты яе адной з галоўных кандыдатаў на пасаду прэзідэнта. Ці згодны ты з гэтым?

 

Я вельмі сумняваюся, што яна будзе прэзідэнтам. Тут вялікае пытанне. Для яе я не бачу сэнсу ў гэтай пасадзе, бо краіна перайшла на парламенцка-прэзідэнцкую рэспубліку, і роля прэзідэнта зводзіцца да мінімуму. І наўрадці ў яе самой будзе жаданне балатавацца на гэтую пасаду. На мой погляд, на ролю прэм’ер-міністра народ вызначыць Пятра Парашэнку. А на ролю прэзідэнта… Нават не ведаю, магчыма, Клічко. Так, ён былы баксёр, але зараз прэзідэнцкая пасада – гэта проста фармальнасць, і хто будзе яе займаць не грае вялікай ролі.


Ці лічыш ты, што Майдан перамог?

 

А ў чым заключаецца перамога? У тым што выпусцілі Юлю? Ці ў тым, што Януковіч зыйшоў з пасады? Гэтага мала. Ты ж сам бачыш, там яшчэ працягваецца супрацьстаянне. Так, Украіну хутчэй за ўсё чакае еўраінтэграцыя. Але на якіх умовах і да чаго гэта прывядзе – гэта таксама пытанне. Зараз краіна ў вельмі цяжкім эканамічным стане. Магчыма, зараз нейкі час будзе і не да еўраінтэграцыі. Спачатку нам патрэбна эканамічная дапамога, а ўжо потым Еўропа.

 

Здымкі Віктара Арлоўскага