Шырокая Масленіца: як гарадзенцы зіму праводзілі (фота + відэа)

Урачыстым пачаткам святочнай праграмы стала выступленне духавога міні-аркестра, які зарадзiў атмасферу свята баявой гатоўнасцю. Далей на свяце запальвалі сваімі спевамі беларускія ды казацкія калектывы.

На шляху да Нёмана мінакоў сустракала песнямі і танцамі жыццярадасная і актыўная моладзь Гарадзенскага палітэхнічнага каледжа (на відэа).

Нельга было пакінуць без увагі паказальныя выступленні маладых байцоў спецназа, якія паказалi сваю поўную боегатоўнасць да абароны Радзімы. У антуражы са стрэлаў, агню і дыму байцы дэманстравалі ўменне праходзіць складаныя перашкоды ў экстрымальных умовах.

Абочыну святочнай сцежкі ўпрыгожвалі арыгінальныя і прыгожыя мастацкія карціны, сувеніры і кветкавыя кампазіцыі зробленыя рукамі майстроў.

Думкі аб салдацкай кашы не давалі спакою і сагравалі ў не самае цёплае надвор’е. Ля кашы сабралася шмат жадаючых падсілкавацца і сагрэцца, каб сытымі працягнуць масавае гулянне.

Завяршэннем святочнай праграмы стала самае доўгачаканае відовішча, якое сімвалізуе галоўны абрад провадаў зімы – спальванне пудзіла на вогнішчы. Прывілей правесці ў апошні шлях зіму дастауся самым загартаваным гасцям мерапрыемства – “маржам”.