Гарадзенцы Earworm выдалі “бурштынавы” альбом на мультылэйбле “Пяршак” (аўдыё)

|

Трэці альбом гурта называецца Amber і працягвае эксперыментальна-авангардны палёт, распачаты камандай больш за дзесяць год таму.


Earworm – адзін з самых запамінальных і самабытных гуртоў не толькі ў Гродне, але і ў Беларусі наогул. Яны яўна граюць нешта рокавае, але добра пасуюць і тэгі “пост-рок”, “нойз” ды “псіхадэліка”. У выніку мог бы атрымацца нейкі “тутэйшы King Crimson”, але дзякуючы сваёй самабытнасці музыкі заслугоўваюць, каб іх ні з кім не параўноўвалі.

 

Папярэднія рэлізы гурта выходзілі ў 2004 (Serious Ear) і 2008 (Squirmy EP), а найноўшая праца Amber (“Бурштын”) гэта лагічны працяг віяланчэльнага ўгару. Альбом пісаўся ў Расіі, цягам тыднёвага побыту на лецішчы пад Бранскам. Музыкі стараліся стварыць больш жывы і натуральны гук, а не “ідэальна-студыйны”.

 

Альбом “Amber” гэта 51 хвіліна (8 трэкаў) вельмі дзіўнай музыкі, якая можа і адштурхнуць непадрыхтаванага слухача. Аднак сваіх прыхільнікаў гурт ужо знайшоў, ды не толькі ў Беларусі.