“Кожны раз, як вяртаюся ў Горадню, аб’язджаю яе на ровары, і гляджу, ці яшчэ які будынак не знік”

Сёлета Горадня – “культурная сталіца” Беларусі. Адпаведна, ціха і культурна, уначы, каб нікому не перашкаджаць, у канцы красавіка знеслі будынак ХІХ стагоддзя на вуліцы Карла Маркса. Маўляў, аварыйны. Абяцаюць адбудаваць гэткі самы, на тым жа месцы, але новы, ужо бяспечны.

 

Ці гэта слушная практыка – замест аўтэнтычных будынкаў ставіць муляжы, ці можна супрацьстаяць вось такому знішчэнню гістарычных будынкаў? Гэтыя пытанні гарадзенскія гісторыкі, грамадскія дзеячы і проста неабыякавыя гараджане абмяркоўвалі 13 красавіка падчас дыскусіі, арганізаванай грамадскім аб’яднаннем “Трэці сектар” і Еўрапейскім гуманітарным універсітэтам.

 

Іна Соркіна: Масавае знішчэнне Горадні пачалося яшчэ ў ХVІІ стагоддзі

 

Гісторык і былая выкладчыца Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэту ім. Янкі Купалы Іна Соркіна лічыць, што акрамя банальнага невуцтва ў сённяшняй палітыцы гарадзенскіх уладаў адносна спадчыны яскрава прагледжваецца мэтанакіраванае знішчэнне нацыянальнай ідэнтычнасці, якое пачалося яшчэ тры стагоддзі таму.

 

“Бо вядома, што прасцей кіраваць тымі, хто не мае гістарычнай памяці, а ў будынках у тым ліку гэтая памяць і ўвасабляецца”, – зазначыла гісторык.

 

Спадарыня Соркіна згадвае, што яшчэ падчас вайны, якую Маскоўскае княства вяло на беларускай тэрыторыі ў сярэдзіне XVII стагоддзя, была знішчаная значная частка гарадзенскай традыцыйнай забудовы. Наступным крокам стала палітыка Расейскай імперыі, якая праз руйнаванне і перабудову архітэктурных помнікаў імкнулася змяніць мясцовую ідэнтычнасць. Менавіта тады былы езуіцкі ансамбль у цэнтры Горадні стаў турмою, а на культавых будынках пачалі з’яўляцца псеўдарасейскія цыбуліны.

 

Знішчэнне Горадні працягвалася за савецкім часам і з новай сілаю распачалося каля дзесяці гадоў таму, калі стартавала праграма добраўпарадкавання Горадні. З таго часу Горадня штогод губляе некалькі каштоўных будынкаў.

 

“Праблема страты спадчыны стаіць для ўсёй Беларусі, але ў Горадні яна падаецца найбольш востраю, найбольш аголенаю – магчыма, таму, што знішчаецца самы каштоўны горад краіны, – кажа Іна Соркіна. – Кіраўнікі Горадні, мясцовыя ўрадоўцы не нарадзіліся тут, яны не гарадзенцы, гэты горад для іх чужы і не выклікае ніякіх сантыментаў, як калі б быў родным. І гэта ўплывае на лёсы нашай спадчыны, бо ім усё роўна збольшага, што тут застанецца пасля іх”.

 

“Беларускае грамадства недастаткова свядомае, каб бараніць спадчыну”

 

На думку культурнага антраполага і адмыслоўцы ў галіне аховы гістарычна-культурнай спадчыны, выкладчыка ЕГУ Сцяпана Стурэйкі, беларускія праблемы з аховаю спадчыны растуць з таго, што большасць помнікаў застаюцца ва ўласнасці дзяржавы. Таму і вырашэнне лёсу помнікаў – выключна ў руках дзяржавы. А як толькі грамадства спрабуе крытыкаваць дзеянні дзяржавы, гэта адразу выклікае агрэсію, зазначае Сцяпан Стурэйка. Але, на думку адмыслоўцы, крытыкаваць варта, і не трэба складаць рук: “Інакш гэтая сістэма не запрацуе. Мы мусім тут прайсці шлях ваяра”.

 

У той жа час Сцяпан Стурэйка мяркуе, што ў Беларусі немагчыма перадаць ахову спадчыны ў рукі грамадства, бо “грамадства не маё сёння патрэбнага ўзроўню свядомасці, не ўсведамляе часта каштоўнасці таго ці іншага помніка”.

 

Дзейнасць жа адзінага ў Беларусі грамадскага Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры пад кіраўніцтвам Антона Астаповіча спадар Стурэйка лічыць неэфектыўнаю: “Дзейнасць Таварыства не вельмі эфектыўная, бо яго кіраўнік спрабуе гуляць паводле правілаў дзяржавы. Так, маюць эфект тыя ж скаргі, звароты, тое, што спадар Астаповіч робіць прафесійна, але гэтага недастаткова”.

 

Чакае зносу чарговы помнік драўлянай архітэктуры ХІХ стагоддзя

 

Тым часам знос драўлянага дамка канца ХІХ стагоддзя па вуліцы Валковіча, 23 – пытанне часу. Абараніць яго гарадзенцы ўжо не змогуць – яшчэ летась Міністэрства культуры адмовіла ва ўнясенні яго ў Дзяржаўны спіс гістарычна-культурнай спадчыны. Працягваецца змяняцца і вынішчацца адзін з самых цікавых і атмасферных раёнаў Горадні – Новы Свет, знакаміты менавіта сваёй драўлянай забудоваю.

Гісторык і краязнаўца Таццяна Касатая лічыць, што драўляную архітэктуру ўвогуле абараніць практычна немагчыма.

 

“Колькі разоў мы падавалі заяўкі – заўсёды адмовы, драўляныя будынкі проста не ўносяць у спіс, – кажа Таццяна, і сумна дадае: – Кожны раз, як вяртаюся з якой паездкі ў Горадню, аб’язджаю яе на ровары, і гляджу, ці яшчэ які будынак не знік…”