Суд над журналістам Андрэем Мялешкам перанеслі на сераду

Ужо другі за апошні час незалежны журналіст у Гродне абвінвачваецца ў “незаконным вырабе і распаўсюдзе інфармацыі”.


Зусім нядаўна “Твой стыль” пісаў аб працэсе над музыкам і журналістам Алесем Дзянісавым, якога абвінавачвалі паводле арт. 22.9 ч.2 АК РБ. Наступным абвінавачаным па тым жа артыкуле апынуўся Андрэй Мялешка. Яму закідаюць стварэнне матэрыяла аб працы лекараў цягам акцыі “Здаровае сэрца”, якая праходзіла ў гарадзенскіх аптеках у красавіку. Маўляў, матэрыял Мялешкі трапіў пасля на Радыё Рацыя, якое не мае акрэдытацыі ў Беларусі.

 

Пра тое, што ягонай асобай заняўся суд, журналіст даведаўся з пратакола, які быў складзены без яго ўдзелу і дасланы па пошце.

 

“Сёння было наогул смешна, – распавядае Мялешка, – зранку дахаты прыйшоў супрацоўнік МУС, каб суправадзіць мяне ў суд. Гэта вынік хадайніцтва суддзі, які палічыў, што я праігнараваў павестку на ўчорашняе паседжанне. Якую я насамрэч не атрымліваў”.

 

Суддзя на працэсе Зміцер Кедаль ужо мае салідны досвед палітычных працэсаў. У 2011, працуючы ў Ленінскім судзе, Кедаль судзіў удзельнікаў “маўклівых акцый”, а таксама незалежных журналістаў Міхала Карневіча ды Гражыну Шалкевіч. Зараз Кедаль – намеснік старшыні Кастрычніцкага суда.

 

Сёння Мялешка хадайнічаў перад судом пра ўзяццё адвоката, а таксама знаёмства са справай, у сувязі з чым паседжанне было перанесена. Наступнае паседжанне мае адбыцца 4 чэрвеня а 12.00 у судзе Кастрычніцкага раёна (каб.22).