Выстава памяці Зміцера Іваноўскага адбудзецца ў Гродне

|

Вядомы гарадзенскі мастак раптоўна памёр 5 снежня мінулага года. Трэцяга верасня ў галерэі “Тызенгаўз” адбудзецца выстава твораў Іваноўскага.


Апошнія гады жыцця Зміцер Іваноўскі меў праблемы з тым, каб публічна прэзентаваць у Гродне сваю творчасць. 

 

Актыўная грамадская пазіцыя мастака і пераслед з боку ўладаў за гэта (у тым ліку адміністратыўныя арышты) паспрыялі таму, што прозвішча мастака надоўга апынулася ў “чорным спісе”…

 

Некалькі апошніх год жыцця Зміцер цалкам адыйшоў ад удзелу ў палітычных акцыях і сканцэнтраваўся на творчасці. На працягу трох гадоў ён выкладаў таксама асновы мастацтва ў гарадзенскім “Універсітэце Залатога Веку” для сталых людзей.

 

“Мастацтва – гэта маё жыццё, гэта ўсё для мяне. Я пераспрабаваў шмат у жыцці, працаваў і са скульптурай, і з графікай, але алейныя фарбы для мяне засталіся самым любімым сродкам самавыражэння.

 

Чым больш я працую імі, тым больш разумею, колькі яшчэ не ведаю.

 

Імі можна перадаць усё: настрой, пачуцці, тое, што бачыш і што адчуваеш. Тут тысячы магчымасцяў! І на шчасце, няма той мяжы, да якой можна было б дайсці і спыніцца”, – казаў пра сваю працу Зміцер Іваноўскі.

 

Адкрыццё выставы запланаванае 3 верасня ў 18.00.