Самыя адкрытыя сярод закрытых

|

У Беларусі ўпершыню праведзена даследаванне празрыстасці інфармацыі на сайтах беларускіх ВНУ. У лідэрах сярод рэгіёнаў аказаліся гарадзенскія ўніверсітэты. Пры гэтым эксперты ацанілі сітуацыю з адкрытасцю інфармацыі ў беларускіх ВНУ як надзвычай кепскую.


– Нашыя ВНУ ўяўляюць з сябе вельмі закрытыя ўстановы, якія яшчэ больш пільна, чым ваенныя аб’екты, хаваюць таямніцы свайго ўнутранага жыцця, хоць па закону і здароваму сэнсу яны павінны быць максімальна публічнымі – адзначыў у час прэзентацыі вынікаў даследаваня экс-прарэктар Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта, сябра Грамадскага Балонскага камітэту, прафесар філасофіі Уладзімір Дунаеў (на здымку ніжэй).

 

Выніковы рэйтынг беларускіх універсітэтаў базуецца на аналізе 25 паказчыкаў, на аснове якіх былі сфармаваныя 6 крытэрыяў ацэнкі:

 

– агульная інфармацыя аб універсітэце (у тым ліку, напрыклад, наяўнасць старонак на беларускай мове, наяўнасць на сайце статута ўніверсітэта, планаў развіцця ВНУ);

 

– менеджмент (інфармацыя пра сістэму кіравання ВНУ, справаздачы пра дзейнасць Рады ўніверсітэта і г.д.);

 

– інфармацыя аб выкладчыках (наяўнасць персанальных старонак выкладчыкаў альбо хаця б кароткай інфармацыі пра іх і г.д.);

 

– адкрытасць інфармацыі аб абмежаванні свабод (наяўнасць на сайце дакумантаў, якія ў той альбо іншай форме рэгламентуюць свабоду);

 

– ідэалагічная праца, свабода сумлення, удзел у дзейнасці няўрадавых грамадскіх арганізацый;

 

– вучэбна-акадэмічная інфармацыя.

 

Ад максімальна магчымай колькасці балаў больш за чвэрць набралі 12 беларускіх ВНУ з 53 (у разлік браліся таксама і вышэйшыя каледжы, у якіх вядзецца навучанне па праграмах вышэйшай адукацыі). Аніводны з ВНУ не дайшоў нават да 40%.

 

Тройку лідэраў рэйтынга склалі Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Скарыны, Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Куляшова і Гарадзенскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт.

 

Гарадзенскія Купалаўскі і аграрны ўніверсітэты занялі адпаведна 11-е і 18-е месцы.

 

На думку Ўладзіміра Дунаева, вынікі даследавання сведчаць аб поўнай абыякавасці кіраўніцтва ВНУ да меркавання спажыўцоў іх паслуг – студэнтаў і іх бацькоў. Інфармацыйная закрытасць нашых універсітэтаў, на думку эксперта, спрыяе яшчэ большаму абмежаванню акадэмічных свабодаў.

 

Пазнаёміцца з поўнымі вынікамі даследавання можна на сайце Грамадскага Балонскага Камітэту.

 

Менавіта парушэнні акадэмічных свабодаў у беларускх ВНУ не дазволілі нашай краіне далучыцца ў 2012 г. да Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі (Балонскага працэсу).

 

Яшчэ адну спробу далучыцца да Балонскага працэсу Беларусь зробіць у 2015-м годзе, але пакуль не зразумела, што нашыя ўлады змогуць паказаць у якасці “казырных картаў”.

 

Ну не факты ж “чысткі” акадэмічных шэрагаў ад “палітычна-недобранадзейных” выкладчыкаў, якая ў апошнія пару гадоў была асабліва заўважнай на Гарадзеншчыне…