Лепш пазней, чым ніколі

|

У апошні дзень кастрычніка на паркетах краіны пачаўся чарговы розыгрыш чэмпіянату краіны па баскетболе сярод мужчынскіх каманд.


Стартаваў турнір крыху пазней, чым звычайна.

 

У адрозненні ад папярэдніх гадоў, яму ня папярэднічаў групавы этап Кубка краіны. Чаму? Не ўсе каманды да гэтай пары здолелі разлічыцца з гульцамі за мінулы сезон, а таксама сабраць баяздольныя дружыны на сёлетні чэмпіянат.

 

Пасля таго, як з Асіповіч прыйшла вестка пра тое, што тамтэйшая «Свіслач» у чарговы раз прыпыняе сваё існаванне (вельмі спадзяюся, што толькі прыпыняе), федэрацыя баскетболу прыняла рашэнне аб’яднаць Вышэйшую і Першую лігі.

 

Такім чынам Вышэйшая ліга на першым этапе будзе прадстаўлена адразу 11 калектывамі.

 

Шкада, безумоўна, што такі крок не пашырыў геаграфію нашага баскетбола (па-ранейшаму на карце толькі 5 гарадоў), а яшчэ больш сумны той факт, што наш чэмпіянат усё больш падобны на маладзёжнае першынство.

 

Паглядзім у канцы сезону, якія дывідэнды прынясе такое зліццё нашым нацыянальным дружынам.

 

Што ж тычыцца першага тура, то аніякіх сюрпрызаў яго вынікі не прынеслі.

 

Узмоцнены Івановым, а таксама Яўгенам Суганяка і Максімам Казлаўцом магілёўскі «Барысфен-Колас» не без клопатаў перайграў на выездзе БДЭУ-РЦАР – 64-72.

 

Трэцяя каманда (так-так! Цяпер іх тры ў нашым першынстве) сталічных «Цмокаў» разгромна саступіла студэнтам з БДУ – 44-82.

 

Самым цікавым у першым туры выглядала супрацьстаянне «Сожа» і «Цмокаў-2». Летась гэтыя каманды гулялі за трэцяе месца ў чэмпіянаце і тады гомельскія «рысі» атрымалі, дазвольце сказаць аплявуху, прайграўшы бронзу больш маладым апанентам.

 

Але на гэты раз гамяльчане “павесілі” сталічнай камандзе «-25». Асабліва пастараўся Ігар Канюшэнка, які вярнуўся ў Гомель пасля трох сезонаў у складзе «Гродна-93».

 

У Віцебску «Рубон» выпрабоўваў «Прынёманне – ГрДУ», у якім сабраны ў асноўным гульцы 97-га года нараджэння і амаль для ўсіх гэтая гульня была дэбютнай у Вышэйшай лізе, пра што і кажуць выніковыя «-50».

 

У гаспадароў Іван Аладка і Віктар Аўсепян размянялі два дзясяткі ў графе «набраныя ачкі», а Марсэль Аўсепян і Віктар Ільюкевіч сабралі па «дабл-даблу». У гасцей Яўген Дробаў набраў 21 ачко, рэалізаваўшы 4 з 6 кідкоў з-за дугі.

 

А ў горадзе над Нёманам “Гродна-93” прыймаў другую віцебскую каманду і праехаўся па ёй катком.

 

Гаспадары не толькі захавалі леташні касцяк, але і з лішкам залаталі дзіркі пасля сыходу Пастухова, Семянюкі і Канюшэнкі.

 

Да срэбных прызёраў апошніх гадоў далучыліся новыя гульцы: Кірыл Сітнік, якi ўдала правёў кваліфікацыйны турнір у зборнай (шкада што ён не стаў такім для зборнай у цэлым), Андрэй Навойчык (гулец якi аднаўляўся ўвесь мінулы сезон пасля траўмы), Павал Карасевіч і Алег Макараў – адныя з лідэраў леташняга «Прынёмання», а таксама Андрэй Агеенка, які гуляў не апошнюю скрыпку ў магілёўскім «Барысфене».

 

У гэтай сустрэчы 11 з 12 гульцоў гаспадароў мелі «10+» хвілін на пляцоўцы і адразу шасцёра набралі «10+» ачкоў.

 

У гасцей толькі Аммар Бары можа пахваліцца 12 ачкамі.

 

Будзем спадзявацца, што часу на прыцірку ў каманды Андрэя Васiлеўкі будзе дастаткова і 93-iя знойдуць што супрацьпаставіць знясіленым «Цмокам» узору першых чатырох тураў адзінай лігі ВТБ.

 

На здымку: Кірыл Сітнік папоўніў шэрагі “Гродна-93”

 

Фота са старонкі Кірыла ў ВК