Першая “Жывая бібліятэка” будзе працаваць у Гродне

|

«Людзі больш, чым стэрэатыпы». Такім падыходам кіруюцца ініцыятары “Жывой бібліятэкі”, якая завітае 20 лютага ў Гродна.


Жывая бібліятэка – гэта месца, дзе ролю кніг выконваюць жывыя людзі са сваімі гісторыямі, гатовыя адказваць на пытанні.

 

Працуе такая “бібліятэка” гэтак жа, як і звычайная: «чытачы» прыходзяць, запаўняюць «бібліятэчную картку», выбіраюць «кнігу» і «чытаюць» яе на працягу пэўнага часу.

 

20 лютага  можна будзе пагаварыць з аніматарам-ралевіком, даведацца, як жывуць у Беларусі дзяўчаты з інваліднасцю, што хвалюе школьнікаў, пагартаць старонкі рок-музыкі, даведацца як гэта «сядзець у турме», а таксама пазнаёміцца з іншымі цікавымі «кнігамі».

 

Арганізатары мерапрыемства спадзяюцца, што такія сустрэчы дазваляюць іх удзельнікам самастойна сфармаваць свае ўяўленні пра пэўных людзей альбо пэўныя з’явы, а не станавіцца ахвярай навязаных грамадствам стэрэатыпаў.

 

“Жывая Бібліятэка” у Гродне будзе праходзіць у фармаце міжнароднай метадалогіі Human Library аднайменнай дацкай арганізацыі.

«Студэнцкая Рада» прадстаўляе Жывыя бібліятэкі ў Беларусі, а праект «АБФ Актыўным Быць Файна» дапамагае рэалізаваць бібліятэку ў Гродне.

 

“Жывая Бібліятэка” будзе працаваць 20 лютага з 18.00 да 21.30 па адрасе: Антыкавярня «Живое время» (вул. Карла Маркса, 13, памяшканне 1).

 

Сачыць за падзеяй можна ў групах Жывой бібліятэкі ў Вконтакте і Facebook.

 

Там жа можна прапанаваць сябе альбо знаёмых вам цікавых людзей у якасці “жывых кніг”.