Ратаванне тапельцаў справа рук не толькі тапельцаў: у пажарна-выратавальным атрадзе прашлі паказальныя вучэнні

|

Галоўным героем дня канечне, быў лабрадор-ратаўнік па мянушцы Рамэо. Менавіта ён бясстрашна кінуўся ратаваць вадалаза – падстаўнога тапельца.

 

Кінолаг Міхаіл Гатоўчыц кажа, што пад час трэніроўкі сітуацыя на вадзе павінна быць максімальна падобнай на сапраўдную.

 

 

Нельга смяяцца, ці знарок скакаць ў вадзе – бо для сабакі няма розніцы паміж “сапраўдным” і “не сапраўдным” пацярпелым. Для яго кожны выхад – гэта сумленная праца, і на трэніроўках з ім трэба працаваць вельмі шчыра.  Таму “тапельцу” прыходзілася не дужа салодка. Нават вады ў рот набіраў, каб “булькаць” па-сапраўднаму.

 

Пакуль у біяграфіі Рамэо не было шансаў ў рэальнай сітуацыі выратаваць чалавека, але на трэніроўцы ён спраўдзіў усе чаканні – праз пару хвілін даставіў пацярпелага на бераг.

 

Наступным этапам трэніроўкі была адпрацоўка спосабаў аднаўлення дыхання і сардэчнай дзейнасці. Медыкі з МНС паказалі прысутным, як праводзіць рэанімацыю пасля ратавання з вады. Ахвотныя маглі патрэніравацца рабіць непрамы масаж сэрца і штучнае дыханне на адмысловым манекене.

 

Напрыканцы сустрэчы кіраўнік Гродзенскага абласнога упраўлення МНС  Сяргей Шпарло адзначыў, што статыстыка няшчасных выпадкаў па вобласці мае устойлівую тэндэнцыю да зніжэння . Выключэннем з агульнага шэрагу пакуль застаюцца выпадкі з дзецьмі. Таму ён асоба падкрэсліваў неабходнасць трымацца правіл бяспекі і навучыць ім дзяцей.

 

Таксама Сяргей Шпарло запрасіў гарадзенцаў разам адсвяткаваць Дзень пажарнай службы Беларусі, што будзе адзначацца 25 ліпеня, а  2 – 9 жніўня  наведаць  Міжнародныя спаборніцтвы па пажарна-прыкладному спорту, што адбудуцца ў Гродне.