Адкрылі і хутка забылі: што стала з гарадзенскім скейт-паркам праз год пасля адкрыцця

|

Ідэя пабудаваць скейт-парк ў Гродне ў мясцовай моладзі паўстала даўно. Аднак да гэтага сіл адных скейтбардыстаў было недастаткова. У 2014 знайшлася арганізацыя, якая мела вялікія планы на сферу экстрэмальных відаў спорту ў Гродне. Сумесна са скейтбардыстамi яны пачалі работы па будаўніцтву першага скейт-парку ў Гродне.

 

Месцам абралі пляцоўку пад мостам у самым цэнтры горада. Паблізу маста не было жылых дамоў, а вольнага месца было дастаткова для размяшчэння фігур і зон для гледачоў. Планавалася, што працаваць скейтпарк будзе з раніцы да вечара. Раніцай вопытныя хлопцы праводзілі б навучанне пачаткоўцаў базавым трукам. А ўвечары ладзіліся б розныя спаборніцтвы паміж моладдзю.

 

20 верасня ў Гродне пачне працаваць скейт-парк 

 

Але ўсе задумкі так і засталіся на паперах. Парк адкрылі і нават паспелі правесці спаборніцтвы, але ў хуткім часе туды перасталі хадзіць людзі. Прычынай сталі як нецвярозыя прыгоды некаторых асобаў, так і няякасныя горкі, якія ў хуткім часе перасталі выконваць свае функцыі.

“Твой стыль” звязаўся з былым адміністратарам парку, які распавёў, што парк вельмі хутка стаў нікому не патрэбным:

 

– Я з радасцю пайшоў на гэтую працу, таму што мне было цікава працаваць з моладдзю. Але праз некаторы час парк папросту стаў нікому непатрэбным. Нават не хачу ўзгадваць. Вось ужо прайшоў год, там практычна ніхто не катаецца. Моладзь зноў вярнулася да Драмтэатру, але іх ужо і там ганяюць.


Глеб, які быў сталым наведнікам скейт-парка, адзначае шэраг мінусаў парку:

 

У парку дрэнна выконваць фігуры з-за іх геаметрыі, радыусы павінны былі быць ніжэй і плыўней, а скаты на фанбоксе больш рэзкiя і вышэйшыя. Таксама няякасныя матэрыялы. Ні адзін скейтпарк са звычайнай фанеры доўга не пражыве. Уплывае і надвор’е. Пры будаўніцтве мы прапаноўвалі варыянт закупкі вільгацеўстойлівай фанеры. Але наша меркаванне так і не ўлічылі. Такі варыянт быў бы, вядома, больш затратным, але скейтпарк служыў бы даўжэй. Але сярод мінусаў быў і плюс. Галоўным станоўчым фактарам з’яўлялася размяшчэнне: цэнтр горада, аўтамабільная стаянка побач з паркам, якая хавала ад дрэннага надвор’я.

Спачатку ўсе былі вельмі рады, катацца было выдатна і прыемна. Але цяпер на парк без суму не зірнеш. Напрыклад, нядаўна ў Баранавічах пабудавалі свой скейтпарк, і ён лічыцца лепшым у краіне, так як ён выкананы з якасных матэрыялаў і ўсе фігуры выкананы правільна. Гэта дае магчымасць развучваць новыя трукі, адпрацоўваць тое што ўмееш, і таксама прымяняць бязмежны палёт сваёй фантазіі ў плане іх выканання. Скейтпарк быў абкатаны многімі скейтарамi з усёй краіны. У Баранавічах не аднаразова ладзіліся скейт-туры, і я не ведаю ніводнага чалавека, хто б застаўся незадаволены гэтым скейтпаркам. Усе, хто там быў, хваляць яго і вяртаюцца ў Баранавічы, каб зноў там пакатацца.


Нам у Гродне такога шчасця вельмі не хапае для ўзняцця ўласнага ўзроўню. Бо скейтбордынг вылучаецца на алімпійскі від спорту, і як усім спартсменам, нам трэба трэніравацца.  Ды і, мяркуючы па расказах, пабудаваць у нас нешта падобнае як у Баранавiчах было б танней і прасцей. Наколькі я ведаю, замаўлялася гатовая зборная канструкцыя і яе проста сабралі ўжо на месцы ў Баранавічах.

 

Як распавялі хлопцы, з уладальнікам так званага скейтпарка згубленыя ўсе кантакты. Было шмат абяцанняў і планаў з нагоды рэканструкцыі, але затым ўладальнік раптам знік. З гэтай нагоды ходзіць шмат чутак: хтосьці кажа, што ў яго праблемы з міліцыяй і ён хаваецца. А нехта кажа, што ў яго шмат даўгоў. Версій шмат, а вось нармальны скейтпарк так і застаецца ў марах гарадзенскай моладзі.