Лукамор’е па-гарадзенску паўстала ў Каробчыцах

|

– Завяршэнне пленэра падобнае на свята ўраджаю, гэта нашы творчыя “Дажынкі”,- кажа Анатоль Грышук, дырэктар гродзенскага мясакамбіната.

 

Так што маем намер не проста працягваць правядзенне пленэраў, але і пашыраць як прадстаўніцтва ад краін, чые удзельнікі традыцыйна прыяжджаюць – Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы і Літвы, так і геаграфію ўдзелу.

 

 

Плануем запрашаць скульптараў з Казахстана, вялі размовы з прадстаўнікамі Турцыі і Кітая. Падрыхтуем больш дубовай сыравіны, а казак і тэмаў у нас хопіць на ўсіх.     

 

 

А заканчэнне сустрэчы не азначае, што сяброўскія сувязі і добрыя традыцыі на тым скончацца. Ужо сёння мы абмяркоўваем з майстрамі тэмы новага пленэру, бо тыя, хто патрапілі да нас хоць раз, заўсёды выказваюць жаданне ізноўку вярнуцца ў Гродна”.

 

На пленэры не вызначаюцца лепшыя скульптуры. Кожная праца адметная і вартая ўвагі. Заварожваюць і жаночыя выявы ад літоўскіх майстроў, і казачныя вобразы ад прадстаўнікоў Расіі.

 

 

Калі ўсё ж параўноўваць мастацкі пленэр са спаборніцтвамі, то тут, папросту, няма тых, хто пацярпеў паразу – кожны стаў пераможцам. А сведчанні перамогі мастацтва застануцца ў маёнтку, каб нагадваць пра шчырую творчую працу.

 

 

“Я прыяжджаў на кожны з ранейшых пленэраў у Каробчыцах – адзначае беларускі майстар Анатоль Туркоў з Камянца, –  з радасцю прыняў і сёлетняе запрашэнне. Вельмі прыемна чуць ад знаёмых, што наведвалі Гродна, цёплыя водгукі пра свае скульптуры, якія засталіся з мінулых пленэраў у Каробчыцах. Яны тут арганічна ўпісаліся ў ландшафт, знайшлі сваё месца і радуюць людзей. Мяне гэта таксама цешыць, я адчуваю, што не дарма працаваў”.

 

 

 

Найстарэйшы з сёлетніх гасцей пленэра, майстар, чые працы ведаюць на ўсіх кантынентах, польскі разбяр Ян Паўлоўскі,  прыехаў у Каробчыцы ўпершыню, хаця запрашэнні атрымліваў пачынаючы ад першай сустрэчы.

 

“Каробчыцы – гэта цуд, – кажа ён, – рады, што нарэшце змог сюды патрапіць”.

 

 

Яго ўнёскам ў творчыя вынікі пленэра стала скульптура яўрэя з куфлямі. “Мо ён піва налівае, а мо медавуху”, – тлумачыць аўтар, і між іншым зазначае, што “будзе ў хаце бяда, калі там няма жыда”. Так што,  хаця ў пушкінскім Лукамор’і пра яўрэя не ўспамінаецца, ў гарадзенскім  ён выглядае цалкам натуральна, і абяцае, што нягоды будуць абмінаць гэтае месца.

 

 

Андрэй Бальшакоў, майстар з Расіі, пакідае ў Каробчыцах арэлі.

 

 

Ён кажа, што з’яўляецца прадстаўніком багародзкай школы разьбярства. Сюжэты казах і гульняў, іх добрыя героі, гэта тое, што традыцыйна адлюстроўваюць яе майстры .

 

“Хачу, каб мае працы радавалі не толькі прыгажосцю, але былі б карыснымі.  Для сябе таксама раблю рэчы, каторымі потым карыстаюся ў штодзённым побыце. Вось, нядаўна для дачушкі лыжачку з мішкам на чаранку выразаў. Вельмі ёй падабаецца”.

 

Яго калега, Антон Працкоў з Масквы, разважаючы пра рамяство і мастацтва ў працы рэзчыка, кажа, што безумоўна, разьба па дрэве – мастацтва, галоўнае тут ідэя, аўтарскае бачанне вобраза.

 

“Тэхніка, валоданне інструментам, таксама патрэбны, але гэта толькі першыя крокі. Навучыўшыся працаваць па дрэве, трэба далеў вучыцца тварыць, адчуваць матэр’ял, ствараць сюжэт. Гэта няспынны працэс – маляваць эскізы, ляпіць першапачатковыя маленькія фігуркі, абдумваючы вобраз, працаваць з іншымі матэр’яламі, напрыклад, з лёдам і снегам ўзімку. Таму няма сумневаў што гэта – мастацтва”.

 

 

Падарункам для ўдзельнікаў ад сёлетняга пленэру стаў адмысловы альбом, дзе сабраны партрэты майстроў з іх працамі – кожны знайшоў сваю старонку.

 

 

А гарадзенцы маюць шанец пабачыць іх працы не толькі на фотаздымках, але і нажыва, наведаўшы напрыканцы лета маёнтак у Каробчыцах.