Гісторыі з лета: Як гарадзенец Альберт трапіў у праваслаўны рэабілітацыйны цэнтр

Часта ў сем’ях складваецца сітуацыя, калі бацькі перастаюць чуць сваіх дзяцей. Сямейныя скандалы нярэдка закранаюць іншых сваякоў, якія становяцца сведкамі нарастаючай лавіны гневу і непаразумення. На сцэну выходзяць i наркотыкі. 


Бацькі пачынаюць падазраваць сваіх дзяцей ва ўжыванні забароненых прэпаратаў. Тэатр баявых дзеянняў і абароны сваіх інтарэсаў, аўтарытэту, рэпутацыі, свайго пункту гледжання пераходзіць у кабінеты спецыялістаў, псіхолагаў, нарколагаў, псіхіятрычных клінік. Так наш суразмоўца Альберт трапіў на незапланаванае лячэнне ў праваслаўны рэабілітацыйны цэнтр “Анастасіс”.

 

“Твой стыль” пачынае публікаваць запісы з дзённіка Альберта:

 

…Бацькі пачалі падазраваць мяне ва ўжыванні наркотыкаў, і каб развянчаць іх сумненні, я пагадзіўся прайсці курс выздараўлення ў рэабілітацыйным цэнтры. Для мяне гэта было цікава, а бацькам гэта давала гарантыі спакою за мяне.

 

Падборам рэабілітацыйнага цэнтра займалася мама. Абмеркаваўшы гэтае пытанне з бацькамі, я прыняў рашэнне адправіцца ў цэнтр “Анастасіс” e вёсцы Сасноўка, Слонімскага раёна, побач з Жыровічамi. Для мяне адным з вырашальных фактараў у выбары менавіта гэтага цэнтра было тое, што ў Жыровічах знаходзіцца Свята-Успенскі манастыр. Як толькі я даведаўся пра гэта, у мяне адразу ж паўстала жаданне абавязкова яго наведаць.

 

У канцы ліпеня я сабраў сумку з рэчамі, патэлефанаваў бацькам, паведаміў ім, што гатовы выязджаць у цэнтр на тры месяцы і папрасіў іх завезці мяне туды. Дарога была доўгай, ехалі каля трох гадзін.

 

Мае чаканні зводзіліся да таго, што я прыеду ў велізарны манастыр, з купаламі і з манахамі, і буду дзейнічаць паводле правіл.

 

Па прыездзе я быў здзіўлены тым, што цэнтр знаходзіцца ў двухпавярховым цагляным будынку старой, даўно не дзеючай школы. Я змірыўся. Прайшоўшы на ганак, сутыкнуўся з хлопцамі і дзяўчатамі, якія спяшаліся на вуліцу. Іх было чалавек 10-15. Праходзячы побач са мной, некаторыя хлопцы павіталіся. Я таксама павітаўся ў адказ. Як я потым зарыентаваўся – гэта быў перапынак паміж заняткамі са спецыялістамі, і хлопцы спяшаліся на свежае паветра. Гэта быў мой першы кантакт з людзьмі з цэнтра. Я быў рады таму, што менавіта яны былі першымі людзьмі, з кім я сутыкнуўся ў новым для сябе месцы. Далей мяне сустрэла кансультант Таццяна і праводзіла ў кабінет да дырэктара.

 

Дырэктар Віталь Антонавіч прачытаў мне лекцыю, што ад алкагалізму і наркаманіі немагчыма вылечыцца. Таксама патлумачыў, што я трапіў у праваслаўны рэабілітацыйны цэнтр, у якім працуюць першакласныя спецыялісты, якія самі працавалі па рэабілітацыйнай праграме.

 

Я сказаў дырэктару, што з’яўляюся каталіком і паважаю іншыя рэлігіі, у тым ліку і праваслаўе. Віталь Антонавіч адказаў, што ўсё залежыць ад мяне самога, але малітвы я абавязаны наведваць у любым выпадку, бо гэта адно з правілаў рэабілітацыйнага цэнтра. Гэтак жа я даведаўся, што ў цэнтры забаронена карыстацца тэлефонам, ноўтбукам, фотаапаратам, а таксама чытаць кнігі, якія я ўзяў з сабой. Усё гэта паехала назад у Гродна з бацькамі.

 

Маімі адзінымі інструментамі на час “выздараўлення” павінны былі стаць сшытак і ручка. Параіўшыся з бацькамі і дырэктарам, я напісаў заяву на адзін месяц. Увесь гэты час, ад першай сустрэчы з рэабiлiтантамi і да выхаду з кабінета Віталя Антонавіча, я знаходзіўся ў стане цікавасці, прадчування і сімпатыі.

 

Далей кансультант выдаў мне пасцельную бялізну, сшытак, ручку і праводзіў у келлю. У келлі я знайшоў два прасторных пакоі, дзе справа была рукамыйніца з палічкамі. Там жа былі і дзверы ў прыбіральню. У кожным пакоі стаялі па два ложкі з тумбачкамі, пісьмовыя сталы і крэслы.

 

На сцяне паміж пакоямі вісеў распарадак дня. У келлі быў акуратны парадак. Мэбля была сціплай і не новай. Усё гэта стварала атмасферу любові і клопату. У гэты момант я ўсвядоміў, што мая рэабілітацыя ўжо пачалася. Гэта быў мой дом на бліжэйшы месяц. Я накіраваўся да адзінага вольнага ложка і заслаў яго бялізной.

 

Праз пару хвілін у келлю прыйшлі тата і мама з дырэктарам. Віталь Антонавіч зладзіў ім невялікую экскурсію. У гэты момант я ўжо раскладваў свае рэчы ў шафе і ў тумбачцы. Паціснуў руку бацьку, пацалаваў маму і мы развіталіся…


Працяг будзе.