“Панаехалі” па-гарадзенску: грошы не патрэбны, а шчасце – жыць на зямлі ў згодзе з сабою

|

Дзяўчаты знаёмяць са сваёй гаспадаркай, найперш з агародам. Паказваюць месцы, дзе вырошчвалі капусту, моркву, зеляніну і сланечнікі. Кажуць, што ўласная гародніна зараз ідзе ў харчаванне, у краме купляць не трэба. Агарод нечакана нават даў прыбытак. Зарабіць удалося на нарыхтоўцы, здавалася б, нікому не патрэбных рэчаў – каранёў ад сланечніка – што з’яўляюцца сыравінаю для пэўных лекаў.

Мінулаю вясною першы раз садзілі агарод самі, і ён быў зусім не вялікім. Але зараз патроху ўпарадкуюць гаспадарку і сістэмна падыходзяць да планавання ўчастка. Паказалі “плантацыю”, дзе размясцілі трускаўкі, месца, дзе  пасадзілі  маладыя саджанцы яблынь, вінаградную лазы, парэчку, агрэст, маліну. Яблыкі са старых дрэваў, што растуць пры хаце, збіралі і гэтым годам. Яблыні тут і застануцца, але хутчэй для настрою і стварэння атмасферы месца.  А ураджай спадзяюцца збіраць з амалоджанага сада.

“Праца на зямлі канечне, цяжкая – кажа Даша, – але мы ніколі не робім яе праз сілу. Калі стомленыя, то лепш спачатку адпачнем, каб потым працаваць у радасць”. Яна расказвае, што калі садзіла агарод ўвесну, то  размаўляла з кожным зярняткам, зычыла  дабра і выказвала спадзеў, што яно вырасце. А потым радавалася  зяленым расткам, што паказваўся з зямлі. “Можа гэта і выглядала дзіўна, – смяецца яна, – але я адчувала жаданне рабіць менавіта так”.

Ля вясковай хаты любая расліна мае сэнс, далей тлумачаць дзяўчаты. Мята і палын, што растуць ўздоўж сцен хаты, адпалохваюць мышэй, а язмін і ядловец напаўняюць паветра водарам. Многія зёлкі, з якіх зараз запарваюць гарбату, таксама растуць проста побач з хатай. Гэта чабор, іван-чай, некалькі відаў мяты, меліса, рамонкі, валошкі ды іншыя.  Таксама ў габбатку ідуць кветкі ліпы і язьміну.

Увогуле, пра гарбату і зёлкі з дзяўчатамі можна гаварыць бясконца. Напрыклад я даведалася што травы яны не проста сушаць, а спачатку ферментуюць. Для гэтага падвяленыя сабраныя зёлкі асобым чынам перамінаюць рукамі, каб сок выйшаў на паверхню. Букет пахаў і смакаў ад ферментаванай гарбаты атрымліваецца значна багацейшым.

Пустазелле, выпаланае з градаў, паксама не марнуецца дарэмна. Разам з арганічнымі адходамі яно ідзе на кампост – натуральнае і бясплатнае угнаенне.

Наступны важны ў вясковай гаспадарцы “аб’ект”, гэта сарай. Тут захоўваюцца дровы і розны патрэбны інструмент. Былыя гаспадары прадалі хату з ісім, што ў ёй і каля яе было. У сараі, напрыклад, валам ляжалі  палеты. Зараз яны  – матэр’ял для будаўнічай творчасці Лены – з палетаў ужо пабудаваны плот, шматлікія палічкі  і сушылка для бялізны.

Дровы у сараі займаюць большую частку месца.  Напярэдадні зімы іх нарыхтоўка была найважнейшым клопатам гаспадынь і хіба найвялікшым за астатні час выдаткам. На іх пакупку  разам з аплатай дастаўкі пайшло трохі больш мільёна рублёў. Сябры з горада дапамаглі дровы распілаваць, я сячы іх Лена навучылася сама. Кажа, што часта раніцаю выходзіць ў ахвотку памахаць сякераю: “Такая ў мяне тут фізкультура”.

Дашына раніца пачынаецца інакш. Незалежна ад надвор’я і пары году яна, прачнуўшыся, абліваецца халоднаю вадой. З таго, што падалося прыгодным для будаўніцтва Лена змайстравала “душавую кабінку” для гэтых мэтаў.

Раннія прыцемкі прыспешваюць нас ісці ў хату – тут цёпла, светла і можна прытуліцца плячамі  да кафлянай печы. Усяго ў хаце тры печкі, але пакуль няма маразоў паляць дзяўчаты толькі ў адной. Печ мае таксама духоўку, дзе гатуецца ежа. Запечаная гародніна ці распараная каша з печы маюць проста непарадавальны смак! Да таго ж такі спосаб гатавання не патрабуе ніякіх дадатковых выдаткаў.

Увогуле, дзяўчаты сцвяржаюць, што жывучы на вёсцы амаль не ўжываючы грошы. “На месяц мы ўдваіх трацім каля 120 тысяч на прадукты,  мяса не ўжываем, а гародніну маем сваю. Электрычнасць за два апошніх месяцы абышлася ў 40 тысяч. Бо лампы ў хаце энергазберагальныя. Раз на год трэба плаціць зямельны падатак каля 150 тысяч. Практычна на гэтым расходы і скончваюцца”.

 На пытанні пра пакупкі новага адзення Лена адказвае, што не вельмі іх любіць; “Пакуль рэчы добрыя, я іх нашу. Вось тая сіняя куртачка (у каторай яна сустракала нас на вуліцы – аўт.) у мяне са школы”. Галоўнае, з яе словаў, каб адзенне было дабротным і адпавядала прызначэнню. Новыя і дарагія рэчы, што перыядычна набывае Лена, звязаны часцей за ўсё з падарожжамі. Сучасны лёгкі намёт, спальнікі ці спартыўны абутак насамрэч каштуюць дорага, але ўсё роўна набываюцца –  ў асноўным за мяжой ў спецыялізаваных крамах.  Са словаў Лены, на такія пакупкі грошай не шкада. Калі іх робіш, то маеш адказ на пытанне: “Навошта?”. А калі ж адказу на гэта пытанне няма, то і купляць не варта.  “Многае можна зрабіць самой, навошта купляць”,- працягвае яна. А з вандровак узгадвае апошнія – Грузія, Чачня, Турцыя. На Беларусі самым прыгожым месцам лічыць Сарачанскія азёры

Лена расказала, як паступова прыйшла да асэнсаванага жадання жыць экалагічна, змяняла свае пабытовыя звычкі, дыету, адмовілася ад аўтамабіля на карысць ровара і аўтаспыну, пакінула працу ў банку і выкладанне ва ўніверсітэце каб займацца рамесніцтвам, а ў рэшце і горад змяніла на вёску. Меркаваннем Лены, калі людзі доўгі час праводзяць на працы, то губляюць магчымасць творчага самавыражэння. Тады  пакупкамі яны стараюцца кампенсаваць  адсутнасць творчасці ва ўласным жыцці. Няма адчування каштоўнасці ці сапраўднай значнасці і грошай, бо іх колькасць слаба звязана ў уласнымі намаганнямі і жаданнямі. Зараз Лена  мае больш часу для творчасці  –  гравіроўкі па шклу, фатаграфіі,  падрыхтоўкі да заняткаў у экастудыі, дзя вядзе курс па экалагічным ладзе жыцця для дзяцей і бацькоў. Таму, з яе словаў, і робіцца непатрэбным працэс бясконцых пакупак – няма неабходнасці ў заменах і кампенсацыях, калі ёсць ў жыцці штосці вартае і сапраўднае.

Даша кажа, што таксама змяняе сваё жыццё ў больш экалагічны бок. Адмовілася ад традыцыйнай касметыкі і зараз выкарыстоўвае замест магазінных крэмаў толькі натуральныя алеі – какосавы ці эўкаліптавы . Як адно з адкрыццяў вясковага жыцця называе магчымасць адмову ад бальзаму для валасоў: “Калі пасля мыцця галаву апаласнуць халоднаю вадой, то лускавінкі воласа закрываюцца і ён робіцца гладкім. У выніку – эфект як ад бальзама, толькі больш экалагічны, здаровы і танны .”

Даша мае мастацкую адукацыю, займаецца жывапісам і робіць аўтарскія ўпрыгожванні. Кажа, што мастаку тут жывецца як найлепш – выйшла за парог і ужо на пленэры. Яна паказвае нарыхтоўкі пад будучыя ўпрыгожванні – высушаныя роўнымі колкамі скуркі апельсінаў, галінкі, каменчыкі, засушаныя стракозы, матылі і нават змеі. “Ні адна жывёліна праз нас не пацярпела! – спяшаецца запэўніць яна, – гэтых змейку і стрэкоз з матылямі знайходзілі каля трасы, калі вярталіся дадому”. Далей высвятляецца, што нават ніводны кавалак апельсінавай скуркі не змарнаваны дарэмна. Тое, што не пайшло на ўпрыгожванні, скарысталі для прыгатавання розных “міксавых” відаў гарбаты.

Лена успамінае, што спачатку родныя і сябры выказвалі непакой тым, новае жытло  далекавата ад горада. Аднак дзяўчаты тут складанасці не бачаць. Да дарогі наўпрост праз поле і лес толькі  пара кіламетраў, папутныя вадзіцелі ахвотна падвозяць.   І да іх ў вёсцу сябры  часта прыязджаюць пагасціць – хто аўтаспынам, хто на сваіх машынах. Бывае, што завітваюць на гарбатку нават  тыя, хто падвозіў дзяўчат – кажуць, шкада развітвацца, падвязу пад хату.

Даша прыгадвае, што знаёмыя настойліва даводзілі, што жыць па-за горадам яна не зможа. Але творчая дзяўчына мела на тое свой адказ: ”Не трэба мне кажаць, чаго я не магу”.  

А  Лена з тае нагоды ўзгадвае гісторыю знакамітага чэшскага фатографа Ёзэфа Судэка, што па вайне купіў пад майстэрню дом у нязручным месцы на ускрайку Прагі. Там да сёння існуе яго музей, а словы фатографа без рукі сталі знакамітымі на ўвесь свет: “Не месца упрыгожвае чалавека, а чалавек месца”.