У школах Гродна эканомяць на атапленні, праз гэта мерзнуць дзеці і працаўнікі

Калі на вуліцы не менш за +1ºС, у школах і дзіцячых садках атапленне на выходных уключаюць на мінімум. У гарвыканкаме такі рэжым называюць пратапліваннем і кажуць, што ён не парушае тэмпературных норм, прапісанных у СанПіН (Санітарныя правілы і нормы). У школах жа гэтай восенню і ў пачатку зімы мерзлі дзеці і працаўнікі.


Каб сагрэцца, вартаўнік мусіць хадзіць па школе

 

Атапленне ва ўстановах адукацыі ўключаюць, калі сярэднесутачная тэмпература апусціцца ніжэй за +15ºС. Але, калі тэмпература не апускаецца ніжэй за нуль, каб зэканоміць грэюць толькі ў працоўныя дні. У выніку, ужо ўвечары ў пятніцу ў памяшканнях холадна, а калі дзеці прыходзяць раніцай у панядзелак, там яшчэ недастаткова прагрэта.

 

Намеснік дырэктара па гаспадарчай працы адной з гарадзенскіх школ Кастрычніцкага раёна расказвае, што наконт пратаплівання кіраўніцтва школаў праінструктаравалі акурат перад мінулымі восеньскімі канікуламі. Пры гэтым спачатку атапленне ў выходныя загадалі выключаць увогуле, але дасведчаныя людзі расказалі, што на выключэнне і ўключэнне сістэмы змарнуецца яшчэ больш энергіі. Тады батарэі загадалі ставіць на мінімум.

 

– Сказалі, што летась у нас быў перарасход энергіі. Сёлета мы павінны сэканоміць 4% у параўнанні з мінулым годам, – расказвае супрацоўнік школы.

 

Сяргей Ламека, начальнік аддзела адукацыі, спорта і турызму гарвыканкама, кажа, што калі ў школе не знаходзяцца людзі – у час канікул ці выходных – атапленне можна ставіць на мінімум. Гэта не парушае тэмпературных нормаў, прадугледжаных Санітарнымі нормамі, правіламі і гігіенічнымі нарматывамі. Але ж у школах на ноч застаюцца вартаўнікі, якія могуць замерзнуць. Сяргей Ламека кажа, што яны проста не павінны сядзяць на месцы, а хадзіць і ажыццяўляць кантроль памяшкання.

 

Электрычныя абагравальнікі забароненыя

 

У Санітарных нормах прапісана, што аптымальныя параметры тэмпературы паветра ва ўстановах адукацыі у халодную пару года +18…+20ºС. У той жа час у адной са школ Кастрычніцкага раёна тэмпература апускалася нават да +10ºС.

 

Між тым, у школах працуюць і навучаюцца людзі з хранічнымі захворваннямі, якім нельга мерзнуць. Большасць часу навучэнцы і настаўнікі сядзяць не рухаючыся. Настаўнікі, вартаўнікі і вахцёры хварэюць і кутаюцца ў паліто, кветкі гінуць. Электрычныя абагравальнікі забароненыя, за іх утрыманне пагражаюць выплатай са сваёй кішэні.

 

Падобная сітуацыя ў адным з дзіцячых садкоў на Вішняўцы. “Спачатку захварэла я, потым мая калега, – кажа адна з супрацоўніц. – У нас у садку было +16ºС, дзеці плавалі пры тэмпературы +19ºС”. Пры гэтым, згодна з правіламі, тэмпература, у залежнасці ад узросту дзяцей і тыпу памяшкання, павінна быць ад +18ºС да +23ºС.

 

Колькі зэканомілі – невядома

 

У рэжыме пратаплівання, калі мароз раптоўна стане большым, трубы, якія ідуць да школы пад зямлёй, могуць прарвацца. Таму намеснікі дырэктара па гаспадарчай працы павінны ўвесь час адсочваць тэмпературу надвор’я. “Гэта значыць, што кудысьці з’ехаць на выходныя я не маю права. Бо ў любы момант павінна буду ўключыць атапленне”, – кажа супрацоўніца школы.

 

Колькі зэканомілі за кошт рэжыму пратаплівання, у гарвыканкаме не могуць сказаць. Бо эканоміць удаецца не толькі за кошт атаплення, але і дзякуючы новым шклопакетам і дзверам, якія дазваляюць зберагаць цяпло. Таксама ашчаджаюць грошы новае энергазберагальнае асвятленне і новае халадзільнае ды тэхналагічнае абсталяванне.

 

Зараз на вуліцы мароз, таму ў школах і садках цёпла нават у выходныя. Але як толькі стане цяплей, там зноў стануць эканоміць.