Гродна кажа “не” самабуду

|

Адна з незаконных пабудоваў знаходзіцца на вуліцы Горкага. Гаспадыня ўчастка некалькі разоў звярталася па дазвол прыбудаваць да дома веранду, на што атрымлівала адмовы ад гарадскіх уладаў. Пазней яна адважылася на самавольнае будаўніцтва. На ўчастку з’явілася новая капітальная пабудова – двухпавярховы дом з цокальным паверхам і мансардай. Гэта дзейнасць зацікавіла  адміністрацыю Ленінскага раёна, бо ўчастак знаходзіцца ў  зоне перспектыўнага зносу, дзе  па закону забаронена будаўніцтва новых аб’ектаў нерухомасці.

 

На вуліцы Дзяржынскага, што таксама знаходзіцца ў Ленінскім раёне Гродна, уладальнік часова пабудаванага штаба будоўлі паспрабаваў перарабіць аб’ект у капітальны будынак. Зараз ён таксама вымушаны разабраць будынак.

 

У студзені да работ па дэмантажу незаконна пабудаванага будынка прыступіў і ўладальнік ўчастка па вуліцы Мікалаева ў Кастрычніцкім раёне Гродна. Ён замест узгодненай рэканструкцыі старога дашчанага дома узвёў на ўчастку двухпавярховы капітальны будынак памерамі 17,7х18 м.

 

“Разлік тых, хто наважваецца  на так званае самавольнае будаўніцтва, просты. Яны спадзяюцца, што пасля выплаты штрафу іх пабудову ўзаконяць, аднак адміністрацыяй было прынята рашэнне аб зносе будынкаў”, – пракаментаваў  Іван Курман.  

 

Усе забудоўшчыкі спрабавалі абскардзіць рашэнне гарадскіх уладаў праз суд, але ва ўсіх інстанцыях, уключаючы Вярхоўны суд , рашэнне пакінулі без змен.