Драўляныя трубы, прыбіральня Стэфана Баторыя і кранікі ў двары: гісторыя вадаправода ў Гродне

Некалькі стагоддзяў таму праблема недаступнасці вады закранала большасць жыхароў усяго зямнога шару. З цягам часу ў побыт гараджаніна прыйшла каналізацыйная сістэма водазабеспячэння, што стала з  пачаткам працэсу ўрбанізацыі адной з галоўных рысаў горада – уласна наяўнасць вады і каналізацыі пачынаюць асацыявацца з горадам.

 

Не абмінуў гэты працэс і буйныя гарады Беларусі, у тым ліку Гродна. Тым больш, менавіта гэты горад адным з першых у Беларусі абзавёўся сваім водаправодам. Роўна 140 год таму – у 1876 годзе. Але гісторыя па здабычы вады гарадзенцамі пачалася значна раней.

 

“Гроднаводаканал” адзначыў юбілей адкрыццём унікальнага музея

 

 

Першы вопыт здабычы вады і прыбіральня караля Баторыя

 

Найважнейшым аб’ектам сярэднявечнага Гродна быў замак, які зараз называюць “Старым”. Падчас аблогі ўсе жыхары гораду збягаліся туды, каб трымаць абарону ці схавацца ад варожай навалы. Археалагічныя даследаванні паказваюць адсутнасць калодзежа на яго тэрыторыі. Як тады ўзятыя ў аблогу гарадзенцы здабывалі ваду? Краязнаўца Ігар Лапеха лічыць, што для гэтага існавала сістэма водазабору на ланцугах.

 

 

У Старым замку прыбіральні ўзнікаюць у XVI стагоддзі. Працавалі яны такім чынам, што прадукты жыццядзейнасці чалавека выходзілі на знешнюю сцяну замка. Менавіта ў такой прыбіральні пачаўся “апошні шлях” караля Стэфана Баторыя. Кароль карыстаўся прыбіральняй акурат калі ў яго прыхапіла ныркі. Не дайшоўшы да свайго пакою, Баторый упаў у калідоры, пабіўшы галаву. Праз пару дзён кароль памёр.

 

Як дастаўлялі ваду з Гараднічанкі ў цэнтр горада?

 

З Магдэбургскім правам у Гродна прыйшоў і першы калодзеж. У 1629 годзе горад атрымаў першы водаправод. Правёў яго бурмістр Фандэнберг з дазволу караля. Выгода фундатара была ў тым, што з дазволу караля ён мог браць падаткі за карыстанне сістэмай забеспячэння вадой.

 

 

Водаправод ўяўляў з сябе злучаныя паміж сабой драўляныя трубы. Сістэма забеспячэння вадой выходзіла на рынкавую плошчу, дзе гарадзенцы маглі набіраць ваду. Менавіта такія трубы ў 2002 годзе знайшлі гарадзенскія археолагі Генадзь Семянчук і Сяргей Піваварчык. Меркаванні гісторыкаў зводзяцца да высновы, што ваду бралі з Гараднічанкі. Але падобным водаправодам маглі карыстацца толькі вельмі заможныя гараджане.

 

Вывозіць нечыстоты з Гродна – справа нялёгкая

 

На пачатку ХІХ стагоддзя ў Гродна была вялікая праблема з водаправодам і каналізацыяй. Расійскія ўлады ў гэты перыяд распачынаюць барацьбу з “сарцірамі”. Вялікая колькасць спраў была заведзена на забруджвальнікаў цэнтру горада. Некаторыя гараджане вылівалі памыі наўпрост з вокнаў на задворкі вуліц. Гэты перыяд характарызаваўся рэзкім непрыемным пахам у самым цэнтры Гродна. Менавіта з гэтай прычыны заможныя гарадзенцы выселяліся за межы “смярдзючага” цэнтру – у раён Гарадніцы.

 

Гісторык і краязнаўца Андрэй Вашкевіч прыводзіць факт, што ачышчэннем ад нечыстот 50 тысячнага гораду займаліся асенізатары, якія кожную ноч былі вымушаны вывозіць на конях за межы гораду нечыстоты, дзе іх закопвалі і засыпалі вапнай. Гарадзенцы ж штодзённа пакідалі каля 450 тон нечыстот. Праца вялася ноччу.

 

Каб абслугоўваць горад трэба было каля 150 асенізатараў і каля 300 коней. Але працоўных не хапала, таму каля 250 тон нечыстот асядала пад самім горадам. З гэтай прычыны ў канцы ХІХ стагоддзя гарадзенскія ўлады загадваюць стварыць асенізатарскія арганізацыі.

 

Кранік у дворыку

 

Першая спроба стварыць водаправод для ўласных патрэб у Гродне датуецца 1864 годам, але тады справа не завяршылася ўдала. Далей, у 1874 годзе, прадпрымальнік Дзераўніцкі падпісаў кантракт з горадам аб тым, што ён пабудуе водаправод. Такім чынам з ім падпісалі дамову 473 гарадзенцы. Падобная сістэма ўяўляла сабой кранік з вадой ва ўласным дворыку. Тады ж водаправод меў даўжыню каля сямі кіламетраў.

 

 

Прадпрымальнік Дзераўніцкі пабудаваў некалькі фантанаў, водаразліўныя калонкі і пажарныя гідранты. Ваду вырашана было пампаваць з Нёмана. Тагачасныя спецыялісты высветлілі, што на сярэдзіне ракі на глыбіні двух метраў вада была найбольш чыстай і прыдатнай для піцця.

 

 

У той час водакалонкі становяцца месцам жыцця горада. Гараджане там абменьваліся плёткамі і навінамі. Варта адзначыць, што беднаце дазвалялася набраць бясплатна тры літры вады з калонкі, а кожны возчык там мог напаіць свайго каня. Прадстаўнікам войска дазвалялася ўжываць неабмежаваную колькасць вады.

 

Немцы і “гарадзенская мінералка”

 

З прыходам нямецкіх войскаў у час Першай сусветнай сітуацыя з вадой змянілася. Немцы пачалі надаваць больш увагі чысціні вады, адмовіліся ўжываць ваду з Нёмана і зрабілі свідравіну. Вада з яе была мінеральнай. Нарадзілася ідэя прадаваць гэтую яе, але з-за недастачы коркаў для бутэлек праект так і не быў рэалізаваны.

 

 

Немцы клапаціліся аб чысціні горада, таму кожны дзень працоўныя змазвалі вапнавым растворам рынштокі, якія ішлі ўздоўж гарадзенскіх цэнтральных вуліц. Воданапорную вежу ахоўваў жаўнер з кулямётам. Менавіта з дзвюх вежаў, вядомых як Кася і Бася, вада разыходзілася па ўсім горадзе.

 

Кася і Бася – расійская і нямецкая сёстры ў самай высокай кропцы Гродна

 

 

Прабілі трубу – лічы, забастоўка!

 

З 1921 году, калі Гродна належаў Польшчы, водаправод адыйшоў ва ўласнасць дзяржавы. У міжваенны перыяд пачынаецца новая эра ў ачышчэнні вады – з 1934 года ў Гродне з’яўляецца першы апарат па хларыраванню вады і ў тым жа годзе адбываецца першае асвячэнне першага каналізацыйнага калодзежа. У канцы 1930-х гадоў водаправод дасягнуў даўжыні каля 30 кіламетраў.

 

У міжваенны перыяд будаўніцтвам каналізацыі займаліся беспрацоўныя, якія працавалі за вельмі малы ганарар. Будаўніцтва ішло марудна, працоўныя аднойчы нават прабілі старую трубу, што прывяло да затаплення часткі вуліц. Саветы пазней трактавалі гэтае здарэнне, як забастоўку працоўных супраць “панскага гнёту”.

 

Водаправод пры Саветах і сёння

 

Пасля ўсталявання Савецкай улады на тэрыторыі Заходняй Беларусі ў Гродне хіба адзіныя, каго абмінуў страшэнны лёс быць рэпрэсаваным, былі прадстаўнікі водаправоду. Людзі, якія маглі абслугоўваць яго, былі вельмі карыснымі і рэдкімі спецыялістамі ў той час.

 

У 1969 годзе ў Гродне з’явілася ўласная станцыя ачысткі вады. На сённяшні дзень гарадзенская водаправодная сетка складае каля 1000 кіламетраў даўжыні. Ваду ж здабываюць з артэзіянскіх крыніц і вядуць ачыстку з дапамогай салянога раствору, які зусім не шкодны для здароўя чалавека.