Двухсотгадовыя дубы, каштан Ажэшкі і дрэва “ўверх каранямі” – карта самых старых дрэваў Гродна

Пры складанні мы карысталіся матэрыяламі і кансультацыяй краязнаўцы і эколага Ігара Лапехі, які з 2008 года на працягу некалькіх год вёў маніторынг зялёных пасадак горада і прапанаваў спіс асобных дрэваў і масіваў, якім варта надаць статус помнікаў прыроды рэспубліканскага або мясцовага значэння.

 

 

Лапеха пры складанні спіса зважаў на ўзрост дрэваў і іх унікальнасць. Так, у спісе “кандыдатаў” – дуб ля Гарадскога Дома культуры, пасаджаны “ўверх каранямі”: у двух саджанцаў былі абсечаныя кроны, адзін быў пасаджаны і прышчэплены другім, такім чынам карані дрэва сапраўды ператварыліся ў крону. Незвычайны дуб пасадзілі ў міжваенны перыяд, у 1928–30 гг., калі рабіўся сучасны парк Жылібера, якому цяпер каля 90 гадоў.

 

Дуб на Вялікай Траецкай

 

Адзначаныя і грабавыя шпалеры, у наш час – рэдкасць: колішнія алеі, якія высаджвалі роўнымі лініямі і стрыглі, як цяпер стрыгуць жывыя платы; рэшткі іх захаваліся ў некалькіх месцах Гродна. На карце пазначаныя двухсотгадовыя дубы, хаця яны могуць быць і старэйшымі. Дакладна вызначаць узрост старажытных дубоў у горадзе цяжка, бо, дасягнуўшы пэўнага стану, яны ўжо амаль не змяняюцца. Ігар Лапеха за тое, каб даваць старым адметным дрэвам імёны.

 

Стары каштан на тэлеграфным завулку

 

Што датычыць цяперашніх паркаў, то ў Каложскім старых дрэваў ужо няма, затое там найбольш вялікая батанічная калекцыя горада. Напрыклад, растуць тры платаны – больш паўднёвыя дрэвы, адзіныя ў Гродне, і пасаджаная цэлая алея явараў. Таксама явары растуць у парку Жылібера. Явар (платаналісты клён) – еўрапейскі від клёна, даўно выцеснены клёнам амерыканскім, які цяпер мы ведаем як звычайны клён. У прыродзе явара ўжо не сустрэць, але гэтае дрэва часта згадваецца ў нашым фальклоры і паэзіі.

 

Некаторыя дрэвы, адзначаныя на карце, рызыкуюць хутка знікнуць. Гарадскія каштаны імкліва нішчацца праз хваробу. Іх магчыма лекаваць, гэта каштуе грошай, але разумных. Варта было б абраць нейкую колькасць дрэваў і ўсё ж уратаваць іх, пакуль не позна, лічыць Лапеха.

 

Праз 20 гадоў у Гродна можа не застацца старых дрэваў


Ці загінуць дрэвы ў скверы на Дзяржынскага?

 

Так, важна захаваць каштан, пасаджаны Элізай Ажэшкай – не проста сімвал, а жывога сведку славутай гараджанкі, які цяпер, заціснуты пліткай, пакутуе ад неспрыяльных умоваў і, калі нічога не зрабіць, хутка загіне. Тое ж датычыць і “Сафіёўскіх” каштанаў на Савецкай плошчы, што памятаюць яшчэ Фару Вітаўта.

 

Сафіеўскія каштаны

 

Багата прыгожых і каштоўных дрэваў было выразана за апошнія некалькі год: грабавыя шпалеры, старажытныя дубы, каштаны часоў караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Прычыны розныя: будоўля, нядбайны догляд, закладанне ходніка пліткай, хвароба, высыханне ці наогул нешта невызначальнае для шараговых людзей.

 

“Бернардынскі дуб” на Парыжскай камуны, ля школы. Яму каля 200 гадоў

 

Сёння цяжка ўявіць, якім зялёным быў горад яшчэ год 20–30 таму. Сучаснікам застаецца зайздросціць, чакаць або дамагацца змен у азеляняльнай палітыцы горада і шпацыраваць пад яшчэ жывымі каштоўнасцямі, карыстаючыся нашай картай.

 

На першым фота: Францішканскі дуб ля касцёла айцоў францішканаў, самае старое дрэва ў горадзе