Заходняе дэрбі скончылася не на карысць Саладоўнікава

|

Чарговы плявок футбольнага “Нёмана” у бок гарадзенскiх заўзятараў. У чацвёртым туры, які праходзіў у Брэсце, жоўта-зялёныя прайгралі мясцоваму “Дынама” з лікам 0:2.


Пяць гадоў берасцейцы не маглі абыграць “Нёман” на родным стадыёне. Але прадэманстраваўшы добрую гульню, у суботу 23 красавіка, “Дынама” змагло атрымаць першыя тры ачкі ў новым сезоне і заработаць доўгачаканую перамогу над Гродна.

 

У першым тайме каманды не здолелi вызначыцца, хоць абедзве мелі добрыя шанцы для ўзяцця варот. А вось старт другога і вырашыў зыход сустрэчы. За чатыры хвіліны берасцейцы зрабiлі гульню ў сваю карысць.

Спачатку на 52 хвіліне, выйшаўшы адзін на адзін, капітан “Дынама” Дзямешка забіў першы мяч. Праз чатыры хвіліны, усё той жа Дзямешка, рэалізаваў пенальці.

Спрабавалі гарадзенцы ў канцы матчу зайграць, але дынамаўцы разумна селі ў абарону і не далі жоўта-зялёным вызначыцца ў гэтай сустрэчы.

Дынама (Брэст) – Нёман – 2:0

 

Пасля ганебнай паразы галоўны трэнер “Нёмана” Сяргей Саладоўнікаў пракаментаваў гульню сваёй каманды:

“Перш за ўсё, хацеў бы павіншаваць Брэст з перамогай. Я думаю, гэтая перамога заслужаная. Менш за ўсё хацелася б цяпер казаць пра матч. Проста папрашу за яго прабачэння ў фанатаў. Усё астатняе – гэта ўжо не цікава, ад гэтага не лягчэй. Таму яшчэ раз віншую Брэст, свой футбольны горад, з перамогай.

Калі казаць аб’ектыўна, мне спадабалася наша сённяшняя гульня. Проста супернік чакаў памылкі, дачакаўся яе і забіў. Я сваіх гульцоў у перапынку папярэдзіў, што вельмі важна, хто першым заб’е. Мы нядрэнна кантралявалі мяч, у адрозненне ад іншых матчаў. Недаацэнкі быць не магло, бо ў Пятровіча заўсёды  каманда грае  хутка. Так, як мы правялі канцоўку, – так і павінны былі гуляць ўвесь матч. Больш агрэсіі ў атацы, больш на вароты. А то быццам бы кантралявалі мяч, але небяспечных момантаў не было. А што тычыцца якасці гульні, то мне яна спадабалася. Але гэта мала каго цікавіць – усім патрэбен толькі вынік”.

Пасля матчу Сяргею Саладоўнікава журналісты намякнулі аб адстаўцы:



“Справа ў тым, што ў дадзенай сітуацыі не трэба палохаць нікога адстаўкамі. Трэба займацца справай і выпраўляць сітуацыю – гэта я ведаю дакладна. А калі кіраўніцтва клуба прыме такое рашэнне, я прыму гэта з павагай. Хоць для сябе я вызначыў сёе-тое, цяпер нармальна пагаварылі з хлопцамі”.


Такім чынам адзін з двух матчаў, якія далі Сяргея Саладоўнікаву, заканчваецца не на яго карысць. Наперадзе грозны “Мінск”.