“Шматмоўная” фізіка. У Гродне падрыхтавалі да друку руска-беларуска-нямецка-англійскі фізічны слоўнік

Многія чытачы “Звязды” добра ведаюць нашага слыннага навуказнаўца, захавальніка чысціні роднага слова Паўла Сцяцко. У яго творчай скарбонцы больш за 600 кніг і артыкулаў, а гэты слоўнік у Паўла Уладзіміравіча ўжо дванаццаты.

 

— Гэта ўнікальнае выданне, якое змяшчае каля 20 тысяч тэрмінаў з розных раздзелаў фізікі, а таксама сумежных навук — астрафізікі, біяфізікі, хіміі, матэматыкі, электратэхнікі, электронікі і іншых, — кажа Павел Сцяцко. — З матэрыялаў слоўніка чытачы даведаюцца пра адпаведнікі беларускіх слоў у самай актыўнай і пашыранай у інтэрнэце сусветнай мове — англійскай, а таксама нямецкай, якая звязвае Беларусь з нямецкамоўнымі краінамі — Германіяй, Даніяй, Нарвегіяй, Швецыяй і іншымі. Ну і, зразумела, тут і адпаведнікі да беларускіх тэрмінаў — словы з рускай мовы. А ў дадатку падаюцца звесткі пра фізікаў — лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі.

 

— На каго гэты слоўнік разлічаны?


— Рэкамендуем яго студэнтам, аспірантам, выкладчыкам вышэйшых навучальных устаноў, навучэнцам ліцэяў, каледжаў, гімназій, вучням і настаўнікам агульнаадукацыйных школ, спецыялістам розных галін навукі і тэхнікі, перакладчыкам фізічнай літаратуры. Шмат карыснага ў гэтым даведніку знойдуць і аматары роднага слова, работнікі выдавецтваў, перыядычнага друку. Упэўнены, слоўнік варты таго, каб быць у кожнай навучальнай установе, у кожнай бібліятэцы.

 

Адзін з аўтараў слоўніка Валянцін АСКІРКА ўжо 15 гадоў выкладае студэнтам-купалаўцам фізіку на беларускай мове і на падставе ўласнага вопыту робіць выснову, што ніякіх праблем тут не існуе. Тым больш што ў фізічнай тэрміналогіі вельмі шмат інтэрнацыянальных слоў.

 

— Я выкарыстоўваю сваё права на выкладанне прадмета па-беларуску. Таксама на беларускай мове размаўляю са студэнтамі на перапынку, дасылаю ім заданні па электроннай пошце. Але пры гэтым не абмяжоўваю студэнтаў у мове зносін са мной. Гэта можа быць і руская, і беларуская мова. Таксама свабодна валодаю польскай і англійскай мовамі, — кажа Валянцін Аскірка. — Раблю ў кантактах са студэнтамі такую моўную платформу, што яна перастае быць нейкай выключна нацыянальнай, а становіцца, так бы мовіць, мультылінгвістычнай, мультыкультурнай.

 

І яшчэ не пачуў ніводнага водгуку ад студэнтаў і ўжо выпускнікоў універсітэта, што беларуская мова камусьці перашкаджала ў разуменні фізікі.


— А ці не ўзнікае моўнага дыскамфорту ў замежных студэнтаў?


— Калі з фізікай добра ці дрэнна, то гэта не залежыць ад мовы выкладання прадмета, яна не з’яўляецца нейкай перашкодай. Хаця разумею, што для некаторых пэўны стрэс ёсць. У нас на факультэце вучацца туркменскія студэнты, і мне на занятках часта даводзіцца перакладаць для іх з беларускай мовы на рускую. Заўсёды патлумачу, што незразумела. Да таго ж, па сваёй ініцыятыве я раз на тыдзень праводжу дадатковыя заняткі на рускай мове. Дарэчы, на апошняй сесіі два туркмены, з якімі я праводзіў заняткі па-беларуску і раз у тыдзень — дадаткова па-руску, з першага разу паспяхова здалі экзамен.

 

Павел Сцяцко спадзяецца, што новы слоўнік паслужыць міжмоўнай камунікацыі і разам з тым папулярызацыі, пашырэнню прасторы карыстання роднай мовай. У бліжэйшых планах выданне і іншых кніг, якія падрыхтаваў Павел Уладзіміравіч: манаграфіі «Антрапонімы Беларусі» і, у суаўтарстве, “Слоўніка прозвішчаў Гродзеншчыны”.

 

“За высокія дасягненні ў прафесійнай дзейнасці, значны ўклад у развіццё і памнажэнне духоўнай і культурнай спадчыны беларускага народа” Павел Сцяцко ўзнагароджаны медалём Францыска Скарыны. А нядаўна Павел Уладзіміравіч уганараваны медалём “За заслугі перад Гродзенскім дзяржаўным універсітэтам імя Янкі Купалы”. Віншуем!